Купальле-2016 у канадыйскім «Слуцаку»

На працягу пятнаццаці гадоў беларуская суполка з Таронта ладзіць Купальле ў канадыйскім Доме адпачынку «Слуцак», што за трыццаць кілямэтраў ад гарадку Пары-Саўнд у правінцыі Антарыё.

«Слуцакам» завецца самы прыгожы беларускі куток сярод антарыйскіх азёраў. Гэтую зямлю на беразе багатага рыбай возера ў свой час супольна набылі паваенныя эмігранты для летняга адпачынку і назвалі так у гонар Слуцкага збройнага чыну.

Арганізатары канадыйскага Купальля – фольк-гурт «Яваровы людзі», Згуртаваньне беларусаў Канады і Дом адпачынку «Слуцак» – рыхтуюцца да сьвята загадзя. Валянтэры аддана працуюць падчас сьвята, каб Купальле спраўдзілася і прайшло годна. Гэта, бадай, адзінае беларускае мерапрыемства ў Канадзе, што адбываецца пад адкрытым небам з начоўкай. Людзі з усёй Канады зьяжджаюцца ў «Слуцак», каб адзначыць самае старажытнае і прыгожае сьвята, каб больш даведацца пра беларускія традыцыі, хоць на пару дзён апынуцца ў беларускім асяродку ды пазнаёміць дзетак з беларускімі абрадамі і песьнямі. Нягледзячы на наяўнасьць катэджу на «Слуцаку», людзі ночаць у намётах, бо дом ня можа зьмясьціць 200 чалавек.

Традыцыйна на Купальле ладзіцца пляценьне вянкоў, праводзіцца парад строяў і выбар Купалінкі, затым удзельнікі праходзяць праз купальскую браму, водзяць карагоды ля вогнішча, дзеляцца на пары і скачуць праз яго, дзяўчаты пускаюць па вадзе вянкі, каб пагадаць на суджанага. «Яваровы людзі» пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай запяваюць традыцыйныя купальскія песьні. Саламяную бабку-вядзьмарку спальваюць ці топяць ў возеры. Уначы ахвотныя шукаюць папараць-кветку. Пасьля ўсіх чакае агульная вячэра з традыцыйным купальскім напоем – «крупнікам». Сьвяткаваньне працягваецца з беларускімі народнымі танцамі і гульнямі. Усю ноч чуюцца душэўныя сьпевы пад гітару...

Раніцай праводзіцца кірмаш, госці свята частуюцца кавай і купальскімі прысмакамі, ладзяцца гульні для дзетак і дарослых. Дарэчы, сёлета гульні для дзетак праводзілі акторы лялечнага тэатру «Забава» з Оквілю. Стрэлы з лука, баі падушкамі на бервяне традыцыйна арганізоўвае для дарослых Зьміцер Леановіч.

Сёлета Купальле ўпрыгожыў цікавы і незвычайны мастацкі аўтарскі праект ад Наргізы Усманавай «Узоры жыцьця». Тры вялікія ўзоры «Маці», «Дзіця» і «Купальле» зьявіліся ўначы ля катэджу.

«Ідэя праекту ўзьнікла за два тыдні да сьвята, – тлумачыць аўтарка. – Апошнім часам я займаюся рознымі творчымі праектамі і інсталяцыямі, часта выкарыстоўваю сьветлавыя эфэкты і раблю розныя пэрформансы. Перш за ўсё я хацела зрабіць праект, які б ня толькі аб’ядноўваў людзей, але і надоўга запомніўся. Таксама гэтая інсталяцыя павінна была стаць месцам для фотаздымкаў. Таму вырашылі зрабіць тры вялікія традыцыйныя беларускія ўзоры з удзелам усіх гасьцей сьвята. Узор «Купальле» – сымбаль сьвята, узор «Маці» – нашы карані і краіна, адкуль мы родам, і ўзор «Дзіця» – наша будучыня. Такім чынам, мы перадаем нашым дзецям беларускія традыцыі і культуру.

Я выкарыстала тры канструкцыі вышынёй у чатыры і шырынёй два з паловай мэтры кожная. Яны былі падвешаныя на дрэвы з падвязанымі ўнізе сямюдзесяццю пяццю камянямі для нацягу нітак. 435 размаляваных нашымі ўдзельнікамі кружочкаў-элемэнтаў былі падвязаныя на гэтыя нітачкі. Усяго было зроблена болей за 2000 вузельчыкаў, выкарыстана 1000 мэтраў ільняной вяроўкі, ахвяравана шмат гадзінаў, сілаў і энэргіі. Але праект таго варты. Адкрыцьцё адбылося ўначы, мы асьвятлілі яго трыма пражэктарамі і аўта-туманам».

Фотаздымкі: Максім Зінчук, Валодзя Касьцючэнка.