25-га чэрвеня пражскія беларусы адзначылі старажытнае свята Купалле каля сажалкі ў Глоўбеціне. Негледзячы на штармавое папярэджанне надвор'е апынулася спрыяльным, свята наведала шмат людзей.
Да святкавання далучыліся і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў - чэхі, украінцы і расейцы, італьянцы і французы.
Для гасцей былі прыгатаваныя беларускія стравы - верашчака, наліснікі, варэнікі, кулага, морс ды крупнік.
Праграма святкавання атрымалася даволі насычаная - вакол вогнішча вадзілі карагоды і спявалі народныя купальскія песні, ладзіліся гульні, воркшоп па акварэлі, на якім заахвочаныя спрабавалі намаляваць папараць-кветку; дзяўчаты плялі вяночкі і пускалі іх па рацэ.