Беларусы Малдовы святкуюць

26 чэрвеня Рэспубліка Малдова ўпершыню афіцыйна адзначыла Дзень нацыянальнага строя. У адкрыцці свята, на якім акрамя дыпламатаў і прадстаўнікоў этнакультурных суполак таксама прысутнічалі прэм’ер-міністр краіны Павел Філіп і міністр культуры Моніка Бабук, узялі ўдзел і прадстаўнікі беларускай грамады Рэспублікі Малдова.

Сябры суполкі Д. Нікіцін і Н. Гаўрылава прадэманстравалі ўдзельнікам свята беларускія строі, а старшыня суполкі Юрый Статкевіч распавёў мясцоваму тэлебачанню пра вобразы і сімвалы, уласцівыя для нацыянальнага беларускага касцюма.

Вынікам выступу стала асабістая падзяка і віншаванне міністра культуры Рэспублікі Малдова Монікі Бабук.

Д. Нікіцін, Ю. Статкевіч, Н. Гаўрылава

3 ліпеня, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, беларуская суполка Рэспублікі Малдова адзначае штогод. Гэтым разам урачыстасці праходзілі ў кішынёўскім рэстаране «Пікаса». Былі запрошаныя дыпламаты Амбасады Рэспублікі Беларусь у Малдове, кіраўніцтва Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова, кіраўнікі этнакультурных арганізацый, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

З прывітальным словам выступіў Часовы Павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова А.С. Істомін. Ад Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова з віншаваннем выступіў начальнік Упраўлення П.А. Данцаў. Шмат добрых словаў пра Беларусь і беларусаў прагучала і ў выступах старшыні Рэспубліканскага Савета ветэранаў А.К. Міронік, сустаршыні каардынацыйнай Рады этнакультурных арганізацый Малдовы М.П. Тэрзі, старшыні рускай абшчыны Рэспублікі Малдова Л.А. Лашчэнавай, старшыні Саюза палякаў Малдовы В.Г. Казіміравіча, старшыні азербайджанскай арганізацыі «Малдова–Азербайджан» М.Р. Алахвердзіева.

З невялікім канцэртам выступіў вакальны ансамбль беларускай суполкі «Зорачкі».