Новыя звесткі пра біяграфію і постаць Францішка Скарыны адшукаў Алесь Жлутка, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларусі. Падчас апошняй камандзіроўкі даследчык удакладніў сувязь першадрукара з V Латэранскім саборам. Нагадаем, менавіта туды прыбыла дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына.
А праз тры месяцы ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса. Ці аб адной і той жа асобе ідзе гаворка ў розных крыніцах? – задаўся пытаннем навуковец.
Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакументы, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе аб тым, што да V Латэранскага сабора жадае далучыцца маскоўскі цар. “Падчас працы з дакументамі высвятляюцца такія цікавыя рэчы, што перад 1508 г. Ёган або Ганс (дацкага караля ў крыніцах называюць і так, і так) прымае ў сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара, і паслы просяць яго дамовіцца з папам Юліям ІІ аб доступе маскоўскага пасольства да Ватыканскага двара. У ходзе гэтых і наступных перамоў дацкі кароль спрабаваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб паяднанні Цэркваў. Пасля дацкі кароль звярнуўся да французскага караля, каб той паспрыяў гэтаму паяднанню і садзейнічаў маскоўскаму цару пры двары папы Юлія ІІ. У 1509 г. да дацкага двара прыбывае таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Украіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай. Узнікае пытанне: дзеля чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпламатычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экуменічную місію ў справе паяднання двух галінаў хрысціянства. Вельмі верагодна, што ў Даніі ён і атрымаў медыцынскую адукацыю, каб пасля абараніць дактарат па медыцыне ў Падуі”, - даследчык спрабуе аднавіць храналогію падзей, якія адбыліся больш за пяць стагоддзяў таму.
Атрымаць медыцынскую адукацыю Францішак Скарына мог з 1509 па 1512 гг., але пакуль гэта толькі тэорыя, бо менавіта гэты час яшчэ застаецца белай плямай у яго біяграфіі. У любым выпадку, тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Латэранскі сабор – вельмі важная акалічнасць, лічыць Алесь Жлутка. Гэта не дзіўна: Скарына атрымаў адукацыю і ва ўсходняй, і ў заходняй хрысціянскай традыцыі, вучыўся ў каталіцкіх універсітэтах, працаваў пры дварах дацкага караля і віленскага біскупа, выдаваў Біблію і літургічныя кнігі для праваслаўных вернікаў. “Пашыраецца дыяпазон яго асобы, пашыраецца дыяпазон перамяшчэнняў Скарыны па Еўропе. Гэта кажа аб тым, што ён быў асобай рэнесанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэння ў той час даволі шмат падарожнічалі па Еўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасць у экуменічным кірунку сведчыць аб шырыні светапогляду, аб яго адкрытасці. Тое, што ён мог удзельнічаць у справе паяднання падзеленых частак хрысціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці”, - упэўнены навуковец.
Доктар медыцыны і вызваленых навук, магчымы ўдзельнік дыспутаў з Парацельсам – вядомым містыкам XVI стагоддзя, і Марцінам Лютэрам, безумоўна, велічная, але і таямнічая постаць – усё гэта Францішак Скарына. Алесь Жлутка прызнаецца, ісці крок за крокам па слядах першадрукара – гэта нібы разблытваць дэтэктыў, фінал якога на сённяшні дзень не вядомы, бо нават дзе памёр Скарына – пакуль дакладна не вядома. Затое можна амаль з пэўнасцю ўзнавіць звесткі пра першую палову жыцця, у прыватнасці пра тое, дзе Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю і рэлігійныя веды, як выглядае. Названы ён быў у гонар св. Францішка Асізскага – патрона кляштару бернардынцаў у Полацку, пры якім і атрымаў веды ў лаціне, а веды ў праваслаўнай традыцыі і ў старабеларускай кніжнай мове – пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў. Стала больш вядома і пра яго магчымага нашчадка Яна Хрызастома Скарыны: у першым зборніку дакументаў, датычных першадрукара, выдадзеным у 1988 г., змешчаны адзін з іх, датаваны 1558 г.
Алесю Жлутку ўдалося ўдакладніць звесткі аб яго паходжанні і даце. “Дакумент гэты быў выдадзены Яну Скарыне як выпускніку “Collegium Urbanum”, заснаваным у 1627 г. як рэкамендацыя да полацкага арцыбіскупа. Рэкамендацыя падпісана кардыналам Стэфанам Борджыя, які нарадзіўся ў 1731 г. і памёр у 1804 г. У дакуменце Борджыя названы сакратаром Кангрэгацыі пашырэння веры, а стаў ён ім у 1770 г. Такім чынам, сапраўдная дата выдання гэтага дакумента адсоўваецца амаль на два стагоддзі пазней, ён мог з’явіцца толькі ў прамежку паміж 1770 і 1804 гг.”, - падлічыў навуковец.
Усе новыя звесткі абавязкова будуць апублікаваныя: навукоўцы плануюць выдаць новы сборнік дакументаў аб жыцці і дзейнасці Скарыны, і, магчыма, ён убачыць свет ужо ў 2017 годзе. “Запланавана выданне на новых археаграфічных прынцыпах і адпаведным навуковым узроўні, бо за мінулы з папярэдняга выдання час з’явіліся новыя звесткі, былі знойдзены новыя дакументы. Таксама будуць папраўлены ўжо публікаваныя дакументы, будуць дададзеныя факсіміле. Трэба проста на новым факталагічным узроўні прадставіць асобу Скарыны”, - лічыць Алесь Жлутка.
Асэнсаваць постаць Скарыны яшчэ трэба будзе многім, і нагода адпеведная ёсць: у 2017 годзе ўвесь свет адзначыць юбілей першай друкаванай Бібліі Скарыны. Дарэчы, праца па вывучэнні яго біяграфіі вядзецца зараз шматлікімі ўстановамі Беларусі, а ўлічваючы веліч і знакамітасць гэтай постаці, узнікла нават ідэя надаць нацыянальнаму аэрапорту імя Францішка Скарыны.