Беларусы Канады зладзілі традыцыйную вандроўку да Беларускага Памятнага Крыжа ў Мідлэндзе

Традыцыйная вандроўка да Беларускага Крыжа ў Прошчы Пакутнікаў што ля Мідлэнду (Антарыё) адбылася 4 чэрвеня. Сябры Згуртавання Беларусаў Канады і Парафіі Св. Кірылы Тураўскага Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы штогод наведваюць гэты сімвал веры і беларушчыны.

Сёлета акрамя мемарыялу беларусы завіталі ў музей сярэднявечча, што паўстаў у адноўленым манастыры побач з Прошчай.

P1040128_crop

Крыж упершыню паўстаў у 1988 годзе ў гонар 1000-годдзя хрысціянства на Беларусі. Арганізатарамі і галоўнымі фундатарамі гэтага праекту былі Вінцук і Раіса Жук-Грышкевічы, удзел прымалі дзеячы беларускай эміграцыі з усяго свету. У 1995 годзе побач усталявалі сімвалічны камень у памяць усіх загінулых ад рук камуністычных катаў. У 2013 годзе крыж давялося дэмантаваць, бо за 25 гадоў ён спарахнеў дашчэнту. Тады ж новае пакаленне беларускай эміграцыі аднавіла крыж, пацвердзіўшы сваю вернасць беларушчыне. Аўтар новага крыжа – Юрась Шаўчэнка.

Правялебны Ўладыка Святаслаў прачытаў малітву за беларускі народ.

IMG_2523_crop

Старшыня Згуртавання Беларусаў Канады Дзмітры Эльяшэвіч прачытаў знакаміты верш Наталлі Арсенневай, які яна прысвяціла крыжу ў Мідлэндзе.

P1040127

Напрыканцы афіцыйнае часткі імпрэзы сябры ЗБК праспявалі гімн “Магутны Божа”.

IMG_2537

Пасля традыцыйнага пачастунку ўдзельнікі наведалі музей Прошчы Пакутнікаў.

Сёння Прошча Пакутнікаў – нацыянальны мемарыял, дзе прадстаўнікі розных народаў свету, што жывуць у Канадзе, маюць свае нацыянальныя хрысціянскія святыні. Але гэты мемарыял быў створаны не ў выпадковым месцы: 377 гадоў таму тут было заснаванае першае па-за межамі Квэбэку паселішча: манастыр Святой Марыі сярод Гуронаў. Манахі ордэну Езуітаў прапаведавалі хрысціянства ў навакольных вёсках індзейцаў. Васьмёра святых айцоў загінулі падчас гэтае місіі і пазней былі прынятыя ў лік святых.

vlcsnap-2016-06-12-17h35m28s953

У наш час амаль цалкам драўляны манастыр старанна адноўлены, там зроблены жывы музей: наведвальнікі могуць убачыць, як жылі людзі ў тыя часы. Супрацоўнікі музею паказваюць наведвальнікам, як працавалі ў даўніну кавалі й цеслі, як нарыхтоўвалі скуры й рабілі ежу.

P1040137

Музей даволі вялікі, ёсць магчымасць памацаць і адчуць пах сярэднявечча. Беларусы з цікавасцю разглядалі рэканструкцыю, дзяліліся ўспамінамі аб беларускіх вёсках, дзе раз-пораз яшчэ можна ўбачыць шмат гэткіх жа дэталяў вясковага побыту, якія ў Канадзе засталіся хіба ў музеі.