Урачыстае адкрыццё персанальнай выставы мастацкай фатаграфіі «Родныя сялібы» Ганны Мазур, фотамастачкі і старшыні Праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы, адыбылося 7 чэрвеня 2016г. у Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова. Культурнае мерапрыемства прымеркавана да дзесяцігоддзя актыўнай грамадскай дзейнасці спадарыні Мазур і да яе 35 гадовага юбілею.
Ганна Мазур
На пейзажах фотамастачка прадставіла малдаўскай публіцы свае родныя мясціны, дзе прайшлі яе дзяцінства і юнацтва: родны горад Мінск - сталіца Рэспублікі Беларусь, а таксама вёскі Беразоўка і Варона (Астравецкі раён, Гродзенская вобласць, Рэспубліка Беларусь) адкуль родам яе бацькі.
У вернісажы ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Кішынёве, мастакі, фатографы, старшыні грамадскіх аб'яднанняў беларускай дыяспары Малдовы, прадстаўнікі бізнесу, шматлікія сябры і калегі з украінскiх, рускiх, польскiх і іншых этнічных суполак.
З прывітальным словам выступіў Аляксандр Істомін - Часовы Павераны ў Справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова, які адзначыў, што грамадская дзейнасць Ганны Мазур, яе мастацкія працы спрыяюць развіццю міжкультурнага дыялогу, які аб'ядноўвае як этнічных беларусаў, так і іншых прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, якія пражываюць у Малдове. Ад імя Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова пажадаў юбілярцы далейшых вялікіх творчых поспехаў, моцнага здароўя і дабрабыту ў сям'і.
Вядомы мастак Вячаслаў Ігнаценка ў сваей прамове падкрэсліў, што выстава адрозніваецца ад іншых сваёй падачай, тэмай, якую прадставіла Ганна Мазур, стаўленнем фотамастачкі, цеплынёй і нервам, якімi чапляюць працы. Мастак выказаў вялікую радасць з нагоды таго, што ў беларускай дыяспары з'явіўся творчы калега, які здольны годна падтрымліваць традыцыю беларускіх мастацкіх выстаў на малдаўскай зямлі.
У знак удзячнасці і высокай павагі ад імя Генеральнага дырэктара Бюро міжэтнічных адносін Алега Бабенка спадарыні Ганне Мазур было ўручана Падзячнае пісьмо з пажаданнем творчых поспехаў у справе захавання культуры, звычаяў, традыцый і мовы беларускага народа, у кантэксце міжэтнічнай талерантнасці і грамадзянскай інтэграцыі этнічных беларусаў Малдовы. Таксама было перададзена віншаванне ў сувязі з днём нараджэння з пажаданнямі поспехаў і дасягненняў у грамадскай працы i ў якасці майстра ў галіне мастацкай фатаграфіі.
Ганна Мазур нарадзілася 07.06.1981 г. ў Мінску, дзе ў 2005 г. скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці культуралогія. Воляю лёсу 14 год жыве ў Кішынёве. Спадарыня Мазур - актывістка беларускай дыяспары ў Малдове, 10 гадоў займаецца грамадскай дабрачыннай дзейнасцю па захаванні, вывучэнні, папулярызацыі і развіцці беларускай культуры на малдаўскай зямлі.
За дзесяцігоддзе, аддадзенае грамадскай этнакультурнай справе, малады і актыўны лідэр неаднаразова ўдастойвалася розных высокіх ацэнак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Рэспублікі Беларусь і Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова.
Мастацкая фатаграфія з'яўляецца адным з любімых хобі Ганны, захапленне да якога прыйшло яшчэ ў школе і не адпускае на працягу ўсяго жыцця. У 2010 годзе фотамастачка прынята на ўлік у Саюз мастакоў Малдовы ў секцыю графікі і фатаграфіі.
Спадарыня Мазур - удзельніца рэспубліканскіх і міжнародных выстаў з 2009 года. Працы фотамастачкі неаднаразова выстаўляліся ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова, у міжнародным выставачным цэнтры «Moldexpo», а таксама на іншых культурных пляцоўках.
«Фотавыстава «Родныя сялібы» - знак маёй велізарнай любові і даніна павагі да беларускіх родных каранёў, да маiх дзядоў і прадзедаў, што пайшлі ў свет іншы, да ўсяго таго, што ўзгадавала, дало разумную душу і сілы, дапамагае дыхаць, марыць і тварыць»,- адзначыла ў сваёй прамове Ганна Мазур, фотамастачка і старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускi культурны рух Малдовы».
Людміла Гросу намеснік старшыні Праўлення БКРМ