Іркуцкае таварыства беларускай культуры возьме ўдзел у гарадскім фестывалі нацыянальных культур

12 чэрвеня ў Іркуцку адбудуцца шосты фестываль нацыянальных культур і восьмы па ліку «Байкальскі кірмаш». Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага актыўна рыхтуецца да ўдзелу ў гэтым маштабным гарадскім свяце.

Майстры ІТБК вырабілі макет беларускага пояса 80см на 3 метра - гэта белае палотнішча упрыгожанае традыцыйным беларускім арнаментам, які па задумцы рэжысёраў будзе змацоўвацца ў адзіны «Пояс Дружбы». Усяго прымуць удзел 16 нацыянальна-культурных цэнтраў.

Таксама будзе прадстаўлена выстава-продаж вырабаў беларускай прыкладной творчасці з правядзеннем майстар-класаў для гараджан. ІТБК прадставіць: ручное ткацтва, саломку, кераміку і вырабы з бісеру.

А ў канцэртнай праграме гатовы прыняць удзел фальклорны ансамбль "Беларусы Прыбайкалля”.