21 мая 2016 г. у Чарнігаўскім цэнтральным парку культуры і адпачынку прайшоў 11-ы Міжнародны фальклорны фестываль нацыянальных культур «Поліське коло».
Падчас урачыстага адкрыцця фестывалю з прывітальным словам выступілі першы намеснік старшыні абласнога савета Валянцін Мельнічук, першы намеснік старшыні абласной дзяржаўнай адміністрацыі Леанід Сахневіч.
Традыцыйна ў праграме фестывалю прадстаўлялі асаблівасці нацыянальнай культуры ды кухні беларусы, палякі, габрэі, ромы, немцы і азербайджанцы. А ў гэтым годзе ў Чарнігаве з'явіўся цэнтр карэйскай культуры і яго прадстаўнікі таксама сталі ўдзельнікамі фестывалю.
Беларускае нацыянальнае культурнае таварыства "Сябры" на фестывалі прадставіла выставу дэкаратыўна-выяўленчага мастацтва, падворак і беларускую кухню. Як звычайна гасцей частавалі беларускімі дранікамі.
На фестываль «Поліське коло» прыехалі 16 фальклорных калектываў і 8 нацыянальных таварыстваў.
Галіна Варажбіт