З 23 па 29 траўня ў Рэспубліцы Малдова шырока святкаваліся Дні славянскага пісьменства і культуры, якія ў гэтым годзе былі прымеркаваны да 25-годдзя абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Малдова. Славянскае свята прыцягнула асаблівую ўвагу прадстаўнікоў вышэйшага кіраўніцтва краіны і грамадскай супольнасці.
Святочная праграма была насычана канцэртамі, выставамі, літаратурнымі сустрэчамі і канферэнцыямі, што праходзілі ў Кішынёве ды іншых гарадах краіны. Мерапрыемствы ярка прадэманстравалі найбагацейшы творчы, духоўны і інтэлектуальны патэнцыял славянскіх народаў, што жывуць на малдаўскай зямлі.
24 мая ў дзень памяці святых роўнаапостальных братоў Кірыла і Мяфодзія, што падарылі свету славянскі алфавіт, былі ўрачыста адчынены Дні славянскага пісьменства і культуры ў Рэспубліцы Малдова. Урачыстасць адбылася ў вялікай зале Нацыянальнай філармоніі ім. Сяргея Лункевіча, дзе сабраліся прадстаўнікі балгарскага, беларускага, рускага, украінскага і іншых этнасаў. На ўрачыстым адкрыцці ў сваім уступным слове генеральны дырэктар Бюро міжэтнічных адносін Алег Бабенка адзначыў, што Дні славянскага пісьменства і культуры з'яўляюцца адной з старажытных культурных традыцый славянскіх народаў, якія спрыяюць развіццю міжкультурнага дыялогу і ўмацаванню дружалюбных сувязяў паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў, кія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны. «Славянскі каларыт Малдовы складваўся з лёсаў, намаганняў і таленту многіх людзей. Украінцы, рускія, балгары, беларусы складаюць амаль трэць насельніцтва краіны, карыстаюцца заслужанай павагай і выступаюць паўнапраўнымі ўдзельнікамі розных сфер жыцця сучаснай Малдовы», - падкрэсліў Алег Бабенка.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел і замежныя дыпламаты, сярод якіх: Пасол Расійскай Федэрацыі Фарыт Mухаметшын, Амбасадар ЗША Джэймс Пэці, Пасол Венгрыі Маціяш Сілагі, Часовы Павераны ў Справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Істомін, дэпутаты, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і этнакультурных арганізацый.
У рамках урачыстай цырымоніі самым актыўным лідарам славянскіх арганізацый Алег Бабенка ўручыў ганаровыя граматы "за грамадскую дзейнасць на ніве славянскай асветы, уклад у захаванне духоўнай спадчыны славянскіх народаў, развіццё міжкультурнага дыялогу, прасоўванне ідэалаў талерантнасці і кансалідацыю міжэтнічных адносін у Рэспубліцы Малдова". Дадзенай высокай адзнакі Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова ўдастоіліся тры кіраўніка беларускіх этнакультурных аб'яднанняў: Ганна Мазур Старшыня Беларускага культурнага руху Малдовы, Юрый Статкевіч Старшыня Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова і Генадзь Зяньковіч Старшыня Таварыства дружбы і супрацоўніцтва «Малдова-Беларусь».
Ганаровую грамату атрымлівае Ганна Мазур
Узнагароджанне Юрыя Статкевіча
Увазе гледачоў была прадстаўлена канцэртная праграма, дзе выступілі як вядомыя выканаўцы, так і самадзейныя калектывы, якія дзейнічаюць пры розных грамадскіх аб'яднаннях.
Беларусы Малдовы годна прадэманстравалі сваю самабытнасць, сваю родную беларускую мову. Беларускі этнічны тэатр «Куфар», які дзейнічае пры Беларускім культурным руху Малдовы, паказаў паэтычную замалёўку «Мая мова» на вершы Генадзя Бураўкіна і Яўгеніі Янішчыц. Малдаўскай публіцы ў рамках імпрэзы былі прадэманстраваны рэплікі такіх значных помнікаў беларускага пісьменства як: Псалтыр Францыска Скарыны (першы аркуш), выдадзены ў 1517 годзе, Першы Статут ВКЛ (тытульная старонака) 1529 года выдання і шматпакутны твор Янкі Купалы «Тутэйшыя» 1922 года (вокладка мюнхенскага выдання п'есы 1953 года). Беларускі святочны блок завяршыў выдатны выступ вакальнога хора Беларускай грамады ў Малдове «Зорачка», які парадаваў гасцей шыкоўнымi беларускімі песнямі «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы» і «Чарка на пасашок». Бурныя працяглыя апладысменты ў канцы нашых выступленняў у чарговы раз пацвердзілі асаблівае паважлівае стаўленне да беларускага народу на малдаўскай зямлі.