Працы беларускай вышывальніцы Ірыны Варабей патрапілі на прэстыжную шоў-выставу ў Канадзе

Ірына Варабей – беларуская майстрыха-дызайнер вышыўкі, заснавальніца мастацка-дызайнерскай кампаніі "Spirit of Belarus" у Канадзе. Сёлета дзьве яе работы прайшлі конкурсны адбор і былі ўганараваныя ўдзельнічаць у перасовачнай шоў-выставе "Threadworks - 2016".

"Threadworks" - "выстава выключна крэатыўных работ мастакоў з усёй Канады", якая ладзіцца штотрыгады, работы адбірюцца на конкурснай аснове, і выстава вандруе па гарадах Антарыё на працягу трох гадоў.

Кожны раз загадзя абвяшчаецца тэма наступнага конкурсу. На 2016 год тэма была "Flashback" ("Погляд у мінулае"). Акрамя работ трэба прадставіць і кароценькую анатацыю да іх з тлумачэннямі, што на іх вышыта.

У гэтым шоў удзельнічаць не толькі (і не столькі) вышыванкі, але і пэчворк, і пацеркі, і змешаныя тэхнікі -- усё, што робіцца ігокай з ніткамі.  Звычайна з некалькіх соцен работ выбіраюцца каля пяцідзесяці. Сёлета іх 45. Спадарыня Ірына падавала на конкурс дзьве работы. Абедзьве яны трапілі ў Шоў. 1.Работа "Калядная Каза", выкананая ў змешанай тэхніцы: нітаграфікі (canvaswork), вынітаванне (String Art), чорным-па-белым (Blackwork), шыццё золатам (Gold Work), пацеркі (Beeds work), беларуская нізанка (Belarusan Nizanka). Ніткі розныя: шоўк, бамбук, металік...

2. Пано "Кругі на вадзе", выкананае выключна беларускай нізанкай (Belarusan Nizanka).

Вось што піша Ірына Варабей пра свае пачуцці адносна ўдзелу ў выыставе і пра тое, як рыхтаваліся работы.

“Я цяпер шчаслівая, усхваляваная... Гэта вельмі прэстыжнае шоў. Кожнага разу гэта -- падзея ў "ніцяным" мастацтве. Да прыкладу, у маёй Таронтаўскай гільдыі, мае каляжанкі, заўсёды надавалі яму асаблівую ўвагу і заўсёды марылі туды трапіць, жылі "ад конкурсу да конкурсу". Трэба сказаць, што мы ганарымся, што работы Таронтаўская гільдыі заўсёды былі там прадстаўленыя. І вось сёлета толькі мае дзьве работы з усёй Гільдыі, ды і з усяго Таронта ўвогуле, туды трапілі. Я ганаруся. І яшчэ трэба сказаць, што чыста вышывальных работ (тое, чым займаюся я), наколькі я магу судзіць па фотаздымках ў каталогу, там ёсць усяго каля дзесяці. З іх - дзьве мае :) А яшчэ ... чуюся вельмі стомленай. Мне ён не проста даўся, гэты конкурс. Што як Калядная Каза была гатовая -- я яе зрабіла яшчэ год таму (не на конкурс, а для душы :) ), але калі я яе паказала на паседжанні Гільдыі, распавяла пра сімвалы ... усе закрычалі, замахалі: "Тое, што трэба! На конкурс! На конкурс!" ... А вось Кругі На Вадзе рыхтаваліся адмыслова для конкурсу. Мне хацелася ў поўнай моцы прадставіць "беларускую нізанку". І недзе ў студзені, калі схема была гатовая (збольшага яна была гатовая і тры гады таму для папярэдняй тэмы "Вада", але я так і не дала рады з часам - шмат было работы з варштатамі...), я зазірнула на сайт Конкурсу, удакладніць тэрміны, паглядзець, што новага... і ... ай-ёечкі! ... Яны скарацілі тэрмін падачы заявак на цэлы месяц! І ў мяне засталося не два месяцы, як я разлічвала, а толькі - адзін! А работа даволі аб'ёмістая па працы...  Давялося ... удыхнуць ... і выдыхнуць... І паверыць у сябе! Я адклала ўсе справы. Я цэлымі днямі сядзела з іголкай. Нярвуюся, ці паспею...

1-га сакавіка быў першы этап адбору. Для яго трэба было толькі выслаць на емэйл фотаздымкі работ. Я адаслала. Нярвуюся... Нікому не паказваю, не расказваю, скрыжоўваю пальцы... Хуценька, праўда, праз пару дзён, мне адказалі, што работы прынятыя для ўдзелу ў конкурсе з адмысловым журы. Прывозьце іх для наяўнасці у Фергус, у Музей. З гэтым мне дапамог сябра Алесь Кот. Трэба было везці работы, уладкаваныя ў надзейныя боксы (што як выдасца ім вандраваць тры гады..?), бо гэта ж Канада: няма машыны не дабярэсся, а я ж безмашынная... 4-га красавіка ў нашых мясцінах паваліў снег, замяло дарогі.... І нашая з Алесем вандроўка -- гэта асобны расповед... )))) Нярвуюся... Чакаю... Праз тыдзень даслалі паведамленне, што мае работы прынятыя для ўдзелу ў Інаўгуральным шоў у Музеі ў Фергусе. Запрашалі на ўрачыстае Адкрыццё выставы 17 красавіка. На жаль, мне не ўдалося туды паехаць, бо 16 красавіка выправілася ў адваротны бок, у Атаву для віншавання шаноўнай Івонкі Сурвіллы. Сказалі яшчэ, што паведамяць напрацягу двух тыдняў, ці трапяць мае работы ў перасовачную выставу, якая будзе вандраваць тры гады па Антарыё. Нярвуюся... Ну вось. 28 красавіка атрымала паведамленне, што Калядная Каза з Беларускай Нізанкай выпраўляюцца ў шоў-вандроўку  па Антарыё!” Каза з тлумачэннямі сімвалам - (праўда, па-ангельску) у Ірыны Варабей на  Facebook

spiritofbelarus.blogspot.com.by