28 траўня адбыўся заключны ў гэтам сезоне выпуск Мова Нанова ў Таронта, прысвечаны юбілею фольк-гурта "Яваровы людзі". Гурт адсвяткуе сваё 15-годдзе ў чэрвені.
Упершыню выступ будучага гурта "Яваровы людзі" адбыўся 24 чэрвеня 2001 году ў Кітчэнэры на мультыкультурным фестывалі. Там выступалі сябры Згуртавання Беларусаў Канады, якія пасля арганізаваліся ў гурт пад назвай "Яваровы людзі". Ад пачатку і да сёньняшняга дня калектывам кіруе Віялета Кавалёва.
«Яваровы людзі» атрымалі шмат віншаванняў з розных куткоў Канады і Беларусі, у тым ліку ад старшыні БНР Івонкі Сурвіллы. Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў гурта, Івонка Сурвілла, у прыватнасьці, напісала: "Вы сталіся найлепшымі амбасадарамі нашага народу ў Канадзе. Так, як старэйшая эміграцыя захоўвала сваю мову і свае традыцыі, тады калі яны нішчыліся на Бацькаўшчыне, так вы цяпер захоўваеце нашыя каштоўнасьці для будучай вольнай Беларусі".
Сябры з баўгарскага калектыву “Igranka” падрыхтавалі танцавальнае віншаванне для юбіляраў і развучылі з гледачамі баўгарскія танцы.
Наведнікі Мова Нанова ў Таронта пачулі пра асноўныя вехі гурта «Яваровы людзі», асабістыя гісторыі ўдзельнікаў, паглядзелі відэавыступы калектыву з розных гадоў і, вядома, пачулі ўжывую песні розных часоў.
З нагоды юбілею фольк-гурт "Яваровы людзі" адзначаны Згуртаваннем беларусаў Канады (ЗБК) ганаровай граматай «за важкі ўнёсак у захаваньне і разьвіцьцё Беларускага грамадзка-рэлігійнага цэнтру ў Таронта і беларускага арганізацыйнага і культурнага жыцьця ў Канадзе». Узнагароды атрымалі і тыя ўдзельнікі гурта, якія да гэтага часу нястомна і аддана ўкладаюць свой час, энэргію і матэрыяльную дапамогу на захаванне і развіццё Беларускага цэнтру ў Таронта. Старшыня ЗБК уручыў асабістыя ганаровыя граматы Віялеце Кавалёвай, Вячаславу Кавалёву, Валянціне Шаўчэнка, Юрыю Шаўчэнка, Надзеі Дробінай, Вользе Манькоўскай і Філіпу Тананка.
Цікавінкі з гісторыі гурта:
- Выдадзена 2 альбомы: «Іскарка-прыгаўка» і «Вырай». Рыхтуюцца да выхаду альбомы з радзіннымі і застольнымі песнямі.
- За 15 гадоў у гурце бралі ўдзел больш за 100 чалавек - Спеўны залаты фонд "Яваровых людзей" налічвае каля 200 песен. Многія песні выкарыстаны ў фольк-мюзікле «То-то-то» , паказаным падчас 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі, якая праходзіла ў Таронта ў 2012 годзе. Цяпер удзельнікі гурта працуюць над музычным фільмам, зьнятым па гэтым мюзікле.
- Амаль 30 чалавек бралі ўдзел у самым першым канцэрце «Яваровых людзей» у Кітчынеры ў 2001 годзе.
- У калектыве па сёньняшні дзень засталіся нязменнымі ўсяго тры ўдзельнікі гурта, якія спяваюць у гурце ад самага пачатку: Віялета Кавалёва, Валянціна Шаўчэнка і Надзея Дробіна. За 15 гадоў склад гурта ўвесь час змяняўся.
- «Яваровы людзі» запісалі 5 навагодніх відэапаштовак, якія кожны год імкліва разлятаюцца па ўсім свеце. За мінулы год відэавіншаванка набрала амаль 5 тысяч праглядаў за 2 дні.
- Гурт выступіў у 12 гарадах Канады і ЗША. Салістка гурта Аляксандра Саленік брала ўдзел у фолк-фэсце "Камяніца" пад Менскам.
- Рэпетыцыі гурта праводзяцца кожную сераду ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры ў Таронтa. Пачатак а 6-ай вечара. У гурт прымаюцца ўсе, незалежна ад музычных і вакальных здольнасьцяў.