Беларуская царква патрапіла ў лік аб’ектаў і падзей Лонданскага фестываля архітэктуры

Беларуская царква, якая яшчэ толькі будуецца ў брытанскай сталіцы, патрапіла ў лік аб’ектаў і падзей прэстыжнага Лонданскага фестываля архітэктуры.

Царква ўжо цяпер выклікае значную цікавасць: гэта будзе першы драўляны храм у Лондане за апошнія 350 гадоў. Яго стыль, натхнёны беларускімі цэрквамі часоў Вялікага Княства Літоўскага, незвычайны для брытанскай публікі.

Царква, названая ў гонар Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа, будзе таксама мемарыялам ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

У рамках Лонданскага фестываля архітэктуры па выходных днях у чэрвені можна адведаць будаўнічую пляцоўку і адмыслова падрыхтаваную выставу, якая расказвае пра царкву і наступствы Чарнобыльскай трагедыі. Адкрыццё выставы адбудзецца ў суботу, 4 чэрвеня.