У Беларускім доме ў Варшаве прайшоў літаратурны вечар

На імпрэзе была прадстаўлена новая кніга Марыі Роўда “Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі”, а таксама зборнік вершаў Насты Кудасавай з Рагачова “Невымаўля”. Марыя Роўда пісьменніца, перакладчык і выкладчык Менскага лінгвістычнага ўніверсітэта.

У зборнік увайшлі лірычная аповесць “1896”, аповед пра віленскі перыяд у беларускай культуры “Чорныя лініі”, а таксама аповесць “Настаўнік заўжды вінаваты” у якой ідзе гаворка пра лёс асобнага шляхецкага роду з Магілёўшчыны.

Кажа аўтарка: – Задача апошніх двух аповесцяў “Чорная лінія” і “Настаўнік заўжды вінаваты” паказаць, што Беларусь паўстала не ўчора, і не ў 1918 годзе, і не ў 1945. Гэта геапалітычная адзінка, якая мае моцную, цікавую культуру, традыцыі, у якой распрацаваная мова, на якой былі напісаныя важныя дакументы, што гэта краіна, якая трымаецца на пэўных людзях, якія нікуды не зніклі. Яна была, яна ёсць, і будзем спадзявацца, што будзе. Наста Кудасава з Рагачова, якая прэзентавала свой трэці зборнік “Маё нявымаўля”, распавяла, што піша вершы з 6 гадоў і гэта для яе натуральны стан рэчаў:

– Шчыра кажучы я проста пішу, гэта плынь, я пішу, пішу, пішу, і ў пэўны момант неяк ўсё гэта так закругляецца ў кнігу. Яны складваюцца самі, проста я пішу, гэта натуральны працэс, у нейкі момант ты разумееш, што з гэтага ўсяго складаецца зборнік у якога ёсць нейкая назва, канцэпцыя, і проста прыйшоў час, прыспеў. Пасля Беларускага дома літаратаркі накіруюцца з прэзентацыямі на вялікі кірмаш кніг, які праходзіць на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве. На гэтым мерапрыемстве, як і штогод, ёсць павільёны беларускай літаратуры.