Прафесар Ніна Баршчэўская атрымала медаль за развіццё культуры Беларусі. Ганаровую адзнаку прафесару Варшаўскага ўніверсітэта, шматгадоваму кіраўніку рэдакцыі Беларускай службы Польскага радыё прызначыла Міністэрства культуры Беларусі.
Сам медаль для беларускай дзяячкі з пашанай уручыў пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авер’янаў падчас адкрыцця культурнай акцыі “Беларуская культура ў панараме”.
“Вельмі прыемна, што маю дзейнасць заўважылі ў беларускім Міністэрстве культуры, але найбольш важны сам факт, што ў Беларусі заўважаюць дзейнасць тых людзей, якія ў Польшчы пашыраюць беларускую культуру і навуку”, – кажа прафесар Ніна Баршчэўская:
– Гэта можа сведчыць пра нейкія зрухі ў самой Беларусі, у тым напрамку, што беларуская культура, літаратура, мова будуць займаць адпаведнае месца, якое ім належыць. Прафесар выказала спадзяванне, што культурніцкае супрацоўніцва паміж грамадствамі Польшчы і Беларусі ў будучыні таксама будзе перанесена на іншыя галіны жыцця.