Незалежныя выдавецтвы прэзэнтавалі ў Варшаве «беларускую літаратуру з жаночым тварам»

19–22 траўня ў Варшаве прайшоў штогадовы кніжны кірмаш — адна з самых буйных кніжных імпрэз у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе.

Беларусь, як і летась, была прадстаўлена кніжным праектам «Books from Belarus», у які ўваходзяць пяць незалежных выдавецтваў: «Архэ», «Галіяфы», «Кнігазбор», «Логвінаў» і «Янушкевіч».

Беларускі стэнд сёлета прадставіў праграму «Жаночы твар у беларускай літаратуры». Асноўнымі гераінямі стэнду сталі Валянціна Аксак, Сьвятлана Алексіевіч, Алена Брава, Наста Кудасава, Марыя Роўда і Тацяна Скарынкіна.

Як распавяла Свабодзе аўтарка канцэпцыі паэтка Алена Казлова, жаночая тэматыка была лягічнай і натуральнай — пасьля атрыманьня Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі зьявілася нагода шырока расказаць і пра іншых жанчын у беларускай літаратуры:

«Алексіевіч і яе перамога — гэта нагода паказаць іншых цікавых аўтарак Беларусі, якія звычайна не атрымліваюць належнай увагі. Але яны ёсьць, і яны клясныя — цудоўныя паэткі і цікавыя празаікі. Таму арганізатары пагадзіліся, што такая тэма будзе вельмі дарэчы».

Апроч кніг шасьці аўтарак, на кірмашы былі і іншыя беларускія выданьні — усе беларускія выдавецтвы, якія бралі ўдзел у імпрэзе, прэзэнтавалі па пяць самых цікавых выданьняў.

«Зразумела, што людзі цікавілася беларускімі кнігамі. На кірмашы вельмі шмат людзей, яны прыходзяць у тым ліку і для таго, каб купіць кнігі таньней. Калі людзі чуюць цікавыя гутаркі, то яны спыняюцца калі стэнду. Так было і з намі. У нас гутаркі ішлі на ангельскай, беларускай і польскай мовах».