Сумная вестка прыйшла з Вільні. 18 траўня раптоўна памёр мастак, пісьменнік, грамадскі дзеяч Алег Аблажэй. Пра гэта паведаміў яго даўні сябар і паплечнік Хведар Нюнька.
"Меў шмат творчых планаў, задумак, радаваўся вясне, квітнеючай прыродзе... ды, на жаль, усё абарвалося. Але будуць жыць яго творы", - напісаў Хведар Якубавіч пра свайго сябра.
Алег Аблажэй нарадзіўся ў 6 траўня 1954 г. у вёсцы Лезнявічы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1977), Вільнюскі дзяржаўны мастацкі інстытут (1985).
Працаваў мастацкім рэдактарам газеты «Рунь», мастацкім афарміцелем дзіцячага часопіса «Лола».
Займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. У яго афармленні ў Беларусі выйшлі творы В. Жуковіча «Гуканне вясны», Д. Бічэль-Загнетавай «Гараднічанка», у Маскве — «Шведскія казкі» Э. Хэмінгуэя, «Сербская паэзія», у Вільні — «Казка пра Султана» і інш. У 1984—1986 у Літве выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзеячаў, аформленая А. Аблажэем, а таксама серыя паштовак. Працы Алега Аблажэя неаднаразова выстаўляліся ў Літве, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Беларусі.
Быў сябром рады Таварыства беларускай культуры ў Літве і суполкі беларусаў-мастакоў Балтыі «Маю гонар». Літаральна пару месяцаў таму падчас святкавання Дня Волі ў Вільні Хведар Нюнька перадаў Алегу Аблажэю паўнамоцтвы дырэктара культурнага цэнтра Якуба Коласа ў Вільні.