Беларускі нацыянальна-культурны цэнтр “Грамада” Заходне-Казахстанскай вобласці створаны ў 2007 годзе ў горадзе Уральску. Узначальвае “Грамаду” Міхаіл Бяляеў, чалавек надзвычай актыўны і добрасумленны. Чым толькі ні займаўся ён у жыцці: плаваў па марах ды акіянах на рыбалоўным траўлеры, працаваў у майстэрні па рамонце побытавай тэхнікі, вадзіў цягнікі, вырошчваў вінаград…
Михаіл Бяляеў крайні злева. Фота: expert.okulyk-edu.kz
Міхаіл Аляксеевіч родам з Віцебска, а ў Казахстан ён трапіў дзякуючы жонцы. Спачатку сям’я планавала жыць у Беларусі. Але жонцы не падышоў беларускі клімат, і дактары параілі ёй пераехаць, тады сям’я Бяляевых перабралася на радзіму жонкі – ва Уральск.
На сённяшні дзень ва Уральску жыве каля 900 беларусаў, а па Заходне-Казахстанскай вобласці – прыкладна тры тысячы.
Да апошняга часу Беларускі нацыянальна-культурны цэнтр “Грамада” не меў свайго памяшкання, але гэта не перашкаджала ім актыўна працаваць на ніве папулярызацыі беларускай культуры ў Заходне-Казахстанскай вобласці. Сябры “Грамады” рэгулярна выступаюць на гарадскіх святах, этна-фестывалях, якія ладзяцца Асамблеяй народаў Казахстана, стараюцца знаёміць казахстанцаў з беларускімі традыцыямі, звычаямі і культурай падчас тэматычных сустрэч у школах і бібліятэках.
У лютым гэтага года ва Уральску адбылося ўрачыстае адкрыццё Дома дружбы. Беларускі цэнтр “Грамада”, як і іншыя этна-культурныя цэнтры горада, атрымаў там памяшканне для працы. Акрамя свайго кабінета, беларусы могуць карыстацца і канцэртнай залай, канферэнц-залай, рэпетэцыйным і харэаграфічным кабінетамі, якія размешчаны ў Доме дружбы.
Анастасія Сафіна. Фота: ibirzha.kz
Нядаўна пры цэнтры “Грамада” было сфармаванае маладзёжнае крыло. Узначаліла яго Анастасія Сафіна.
“Зараз, калі ў нас з’явілася сваё памяшканне, пачалася актыўная праца па прыцягненні людзей, – гаворыць Анастасія, – я пачала збіраць моладзь. Прыемна, што людзі да нас пацягнуліся. Гэта таму, што ім у нас цікава, бо ў нас і спяваюць, і танчаць, і на музычных інструментах граюць…”
Анастасія мае не толькі выдатныя арганізатарскія, але і музычныя здольнасці. Насця гаворыць, што хадзіць і спяваць яна пачала адначасова. З пяці год яна выступае на сцэне. Зараз у яе рэпертуары песні на казахскай, рускай, татарскай і беларускай мовах. Шмат у чым менавіта дзякуючы спевам яе заўважыў старшыня нацынальна-культурнага цэнтра “Грамада” Міхаіл Бяляеў. Гэта адбылося падчас канцэрта, прысвечанага 50-годдзю Заходне-Казахстанскага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта імя Жангір-хана, у якім вучыцца Насця. Пасля канцэрта Міхаіл Аляесеевіч запрасіў Насцю ў “Грамаду”, і яна пагадзілася.
“Нягледзячы на прозвішча Сафіна, у мяне беларускай крыві больш, чым татарскай. Па мамінай лініі ў мяне ўсе беларусы, а бацька напалову беларус. Толькі дзядуля па бацькоўскай лініі – татарын,” – распавядае Насця.
Анастасія атрымала дыплом “з адзнакай” па спецыяльнасці хімік-тэхнолаг, а цяпер працягвае вучобу ў тым жа ўніверсітэце ў магістратуры. Насця атрымала кароткатэрміновую стажыроўку пры Акадэміі навук Беларусі і прыехала на некалькі дзён у Мінск.
“Я спецыяльна шукала стажыроўку ў Беларусі, мне вельмі хацелася сюды прыехаць. Я вельмі ўражаная Мінскам, такі чысты, прыгожы, утульны горад. Людзі вельмі добразычлівыя. Я не надта добра арыентуюся па горадзе, часта пытаю, як трапіць у тое ці іншае месца. У іншых гарадах, калі пытаеш штосьці, людзі часта ігнаруюць цябе, а тут усе стараюцца дапамагчы. Толькі беларускую мову рэдка пачуеш, я думала, што ўсё будзе па-беларуску, але гэта аказалася не так”, – падзялілася ўражаннямі Насця.
“Мы яшчэ толькі робім першыя крокі. У лістападзе 2015 года мы ладзілі свята “Дажынкі”. Сабралася шмат людзей. У зале, дзе праходзіла свята, не было вольных месцаў, прыехала шмат гасцей – прадстаўнікоў розных этна-культурных таварыстваў з Актобэ [горад у Заходнім Казахстане – рэд.]. У нас зараз на дзяржаўным узроўні праводзіцца праграма “Вялікая краіна – вялікая сям’я”. Мы бяром удзел ва ўсіх канцэртах, фестывалях, акцыях, якія ладзяцца ў межах гэтай праграмы. У чэрвені мы плануем правесці свята Купалле сумесна з маладзёжным крылом Асамблеі народа Казахстана”, – распавяла пра найбліжэйшыя планы Анастасія.
У траўні ў Доме дружбы пачне працу цэнтр па вывучэнні моваў. Сярод іншых будуць дзейнічаць і курсы па вывучэнні беларускай мовы. Такім чынам, сябры Беларускага нацыянальна-культурнага цэнтра “Грамада” атрымаюць магчымасць вывучаць беларускую мову. Пажадаем ім поспехаў у гэтай справе і ў папулярызацыі беларускай культуры ў Казахстане.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”