Сучасная беларуская літаратура застаецца ці не самай папулярнай замежнай літаратурай ва Украіне. Беларускія аўтары амаль штогод выдаюцца ў перакладах у Кіеве, Тэрнопалі і ў Львове. Беларускія пісьменнікі і паэты стала ўдзельнічаюць ва ўсіх літаратурных фэстах, якія ва Украіне праводзяцца.
Вось і на тэрнопальскім літаратурна-мастацкім фэсце “Ї” беларуская дэлегацыя была самай прадстаўнічай з усіх замежных. Выступы нашых паэтаў і пісьменнікаў мелі ў Тэрнопалі нязменна цёплы прыём.
Адкуль у ўкраінцаў такі шчыры інтарэс да беларушчыны? Чаму выступы беларускіх творцаў іншым разам збіраюць ва Ўкраіне больш публікі, чым нават на Радзіме? Цікаўнасць ва Ўкраіне да беларускай літаратуры – мода, ці сталая з’ява?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з арганізатарамі, удельнікамі і наведвальнікамі тэрнопальскага фэста “Ї”. Аляксандр Ірванец, паэт, празаік, драматург, перакладчык з беларускай:
– Я выкладаю ва ўніверсітэце Астожскай Акадэміі, і цікаўнасць да ўсяго беларускага бачу ў сваіх студэнтаў. Яны слухаюць беларускую музыку, таго ж Міхалка, яны чытаюць па-беларуску. Я ўжо тут стараюся крыху накіроўваць іх густы, каб яны чыталі нешта лепшае з сучаснай беларускай літаратуры… Ёсць у нас нейкая такая блізкасць! Калі расейскую мову чутно, калі яна гучыць паўсюдна, яе ўкраінцы ведаюць. І тут – беларуская: вельмі і вельмі падобная да ўкраінскай, вельмі блізкая, але пры ўсім пры тым – іншая. А таму ўкраінец, які станоўча ставіцца да вашай краіны, будзе станоўча ставіцца і да вашай культуры, і да літаратуры. Прынамсі, менавіта такія ацэнкі я чуў ад сваіх студэнтаў: беларуская мова з аднаго боку вельмі падобная да нашай, але з іншага – адрозніваецца.
Быў я ў лютым на Стральцоўскім фэсце. Не быў у Менску да таго восем гадоў… Змянілася ў вас шмат чаго. Мы, украінцы, маем багата міфаў пра Беларусь, а беларусы, адпаведна – шмат міфаў пра Ўкраіну. Вось мы, пісьменнікі, і павінны разбураць тыя міфы і тыя муры, гаворачы алегарычна. Няма ніякага іншага рацэпту акрамя таго, што трэба казаць праўду пра саміх сябе… Ігар Білык, сябра аргкамітэту: Памятаеце, колькі гадоў таму ў Беларусі была “рэвалюцыя апладысментаў”? Тады Беларусь моцна выйшла на сур’ёзны навінны трэнд. Ва Ўкраіне пачалі масава цікавіцца вашай краінай – але спярша з палітычнага пункту гледжання. Але ёсць тут і іншы момант. Звычайна людзі, якія цікавяцца нейкай краінай, пачынаюць чытаць літаратуру з тае краіны. Слухаюць аўтараў з тае краіны. І праз гэта беларускую літаратуру ў нас палюбілі. Яе ўспрымаюць, як сваю, яна шмат каму даспадобы. Гэта я ведаю ад розных людзей… Упершыню прадстаўнікоў Беларусі мы запрасілі да Тэрнопаля летась. Беларусам спадабаўся Тэрнопаль, а нам – беларусы. І цяпер, я гладжу, агульны трэнд ва Ўкраіне такі: нашым людзям падабаецца беларуская мова, беларуская паэзія, увогуле беларуская культура. Я кажу пра нейкі апазіцыйны накірунак мастацтва… І ўкраінцы, і беларусы незадаволеныя кожны сваёй уладай, мы разумеем, што ўлада тая не такая, якой мы хочам яе бачыць, і мы хочам зрабіць яе іншай. І праз вашыя культурныя тэксты беларуская літаратура падаецца блізкай – такой, якую хочацца чытаць. Анастасія Аляхновіч, госця фэсту са Львова: Калі параўнаць украінскую прозу і ўкраінскую паэзію, то на мой асабісты погляд, паэзія наша крыху мацнейшая за прозу. Дык вось, на мой капыл, беларуская паэзія нічым нашай не саступае.
Я была на шмат якіх літаратурных фэстах: і ў Кіеве, і ў Львове. І на ўсіх выступалі беларускія аўтары. Калі іх слухаю, то лаўлю сабе на думцы, што вы, беларусы, успрымаецеся практычна, як родныя. Мяркуецца, што наступны тэрнопальскі фэст “Ї” прыме яшчэ больш беларускіх літаратараў, чым сёлетні.