Беларус атрымаў узнагароду польскага аўтарскага таварыства ZAiKS

За пераклады твораў Рышарда Капусцінскага на беларускую мову аб’яднанне аўтараў ZAiKS узнагародзіць Яўгена Салейчука.

Яўген нарадзіўся і жыве ў Пінску. Настаўнік з адукацыі, ён наважыў заняцца перакладам з польскай мовы на беларускую, калі пазнаёміўся з расейскай версіяй «Імпэрыі» Капусцінскага, рэпартажу пра раскіданне Савецкага Саюза. Саляйчук наважыў наблізіць Капусцінскага да беларускамоўнага чытача, бо дагэтуль на беларускую мову быў перакладзены толькі «Імпэратар» Капусцінскага і ягоныя вершы «Вяртанне».

У 2007-2008 Саляйчук дэбютаваў з перакладам «Імпэрыі» на старонках літаратурнага часопіса «Дзеяслоў», поўнае выданне якой надрукаваў у 2009 годзе «Логвінаў».

Неўзабаве «Дзеяслоў» апублікаваў пераклад «Шахіншаха» (рэпартаж пра рэвалюцыю ў Іране), а часопіс «Тэксты» – фрагменты кнігі «Яшчэ дзень жыцця». Поўныя пераклады гэтага рэпартажу пра грамадзянскую вайну ў Анголе, а таксама кніг «Кіргіз злазіць з каня» і «Футбольная вайна») па-ранейшаму чакаюць свайго выдаўца.

Рышард Капусцінскі – сусветна вядомы рэпарцёр, журналіст, паэт і фатограф. Ён нарадзіўся ў Пінску ў 1932 годзе і на ўсё жыццё захаваў прыхільнасць да Беларусі. Капусцінскі не раз казаў:

«Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск, – у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амэрыцы».

У канцы 90-х гадоў родны дом Рышарда Капусцінскага быў прызначаны пад руйнаванне. Але прыхільнікі ягонай творчасці здалелі яго выратаваць. На сённяшні дзень дом старанна адрамантаваны і мае статус гістарычнага помніка, а гарадскія ўлады фінансавалі памятную дошку з надпісамі па-беларуску і па-польску. З ініцыятывы мясцовага Звязу палякаў Беларусі яе ўрачыста адкрыла жонка Рышарда Капусцінскага, Аліцыя, неўзабаве пасля смерці пісьменніка ў 2007 годзе.

Яўген Саляйчук будзе адным з двух перакладчыкаў, якога ZAiKS узнагародзіць сёлета ў намінацыі «За выдатныя дасягненні ў перакладзе польскай літаратуры на замежную мову» (другім стане Ерамей Бяляўскі – за пераклады сучаснай польскай драмы на швэдскую мову).

ZAiKS раздае свае ўзнагароды штогод 23 красавіка – у Сусветны дзень кнігі і аўтарскага права.