Разам з яўрэйскім таварыствам беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” 21 красавіка адзначылі ўрачыста і з гумарам 130-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі.
Гэты “самы” яўрэйскі беларускі пісьменнік Рэспублікі Беларусь. Яўрэйскае таварыства з задавальненнем адгукнулася на нашу прапанову правесці сумеснае мерапрыемства, прысвечанае юбілею. Вядомы мясцовы гісторык і краязнаўца Іосіф Рачко падрыхтаваў і расказаў з гумарам грунтоўны даклад пра жыццё і творчасць Самуіла Плаўніка (псеўданім – Змітрок Бядуля).
Прысутныя з цікавасцю слухалі пра поўныя нягодаў і бедаў дзіцячыя гады пісьменніка на Лагойшчыне. Хлопчык вучыўся ў пачатковай габрэйскай школе — хедары, у школе рабінаў — ешыбоце. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і польскую мовы.
Асабістае знаёмства Змітрака Бядулі з класікамі беларускай літаратуры Янкай Купалам, Якубам Коласам і Максімам Багдановічам натхніла яго пісаць літаратурныя творы на беларускай мове. Пісаў у розных жанрах, для розных узростаў цікава і таленавіта. Амаль адразу выйшаў у шэрагі вядомых беларускіх пісьменнікаў. Яго творы былі ўключаны ў школьную праграму яшчэ пры жыцці пісьменніка. І зараз не губляюць сваёй запатрабаванасці. Па яго творах быў зняты фільм і пастаўлена опера.
Пасля дакладу І.Рачко слова ўзялі беларусы. Але ім было цяжка дадаць нешта грунтоўнае да слоў паважанага Іосіфа. Загучалі мелодыі беларускіх народных песень у выкананні Зінаіды Сіліні. Потым пачалі чытаць творы З.Бядулі., расказваць пра свае ўражанні ад яго творчасці.
Цікава і з захапленнем пра сваё знаёмства ў школе з творамі З.Бядулі расказала педагог, фалькларыст Галіна Сантоцкая. Чытала вершы З.Бядулі Таццяна Бучэль на беларускай і рускай мовах. У слухачоў была магчымасць параўнаць сугучнасць моў. Беларускі варыянт спадабаўся болей.
Іна Валюшка з інтрыгай пераказала самы вядомы твор для школьнікаў З.Бядулі “Салавей”. Урыўкі з іншых твораў чыталі Тэрэза Паўлава і Станіслаў Валодзька.
Цікавай інфармацыяй пра пісьменніка падзяліўся консул Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Дзмітрый Канстанцінаў. Падараваў таварыству “Уздым” выдатную копію даваенага здымка Змітрака Бядулі.
Актуальнасць твораў З.Бядулі паказалі ў невялікім гумарыстычным выступленні Лявоніха (Галіна Сантоцкая) і Сымоніха (Людміла Сінякова), вядучая (Валянціна Ліпінская). Адносіны вясковых “добрых” суседак не губляюць свайго імпэту і праз стагоддзі, падкрэсленыя выдатным выступленнем самабытных артыстаў таварыства. Гледачы з задавальненнем апладзіравалі.
Ад таварыства “Уздым” І. Рачко атрымаў у падарунак вялікі слоўнік руска-яўрэйскай мовы, які Іосіф абяцаў у бліжэйшы час вывучыць дасканала. У адказ мы атрымалі мацу і цікавыя дзіцячыя цацкі “дрэйдлы” .
Пасля члены таварыства “Уздым” знаёміліся з яўрэйскім домам, частаваліся мацой і цукеркамі з чаем, абмяркоўвалі магчымасць наступных сумесных мерапрыемстваў.
Мікола Паўловіч, гісторык-краязнаўца, сябра таварыства “Уздым”