Беларусы ЗША адсвяткавалі Вербніцу і згадалі 30-годдзе катастрофы на Чарнобыльскай АЭС

24 красавіка беларусы Нью-Ёрка ў Саборы св. Кірылы Тураўскага адзначылі Вербную нядзелю.

Затым у грамадскай зале царквы адзначылі 30-годдзе катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Праграму зладзіла моладзь Бруклінскага аддзела БАЗА. Сяржук Касцюк, Наталля Федарэнка, Вольга Талатынік і Святлана Казачок зачыталі споведзі людзей, для якіх Чарнобыль стаў асабістай трагедыяй. Гісторыі былі ўзятыя з кнігі Святланы Алексіевіч, якая змагла на паперы перадаць чалавечы боль і паказаць сапраўдны кошт чалавечага жыцця.

Пасьля чытання «галасоў Чарнобылю» выступіла старшыня Бруклінскага Аддзелу БАЗА Таццяна Красоўская з дакладам пра ролю БНФ у выкрыцці праўды пра Чарнобыльскую трагедыю. Наталля Федарэнка распавяла пра палітыку замоўчвання, якую практыкавала савецкая ўлада, і больш падрабязна — пра вялікую працу, якую правёў БНФ па ацэнцы дзейнасці чыноўнікаў, вінаватых ва ўтойванні інфармацыі. Вольга Талатынік выступіла з дакладам, у якім разглядаліся сацыяльныя наступствы трагедыі. Святлана Казачок распавяла пра змены ў стане здароўя беларусаў за апошнія 30 год і несуцяшальныя прагнозы на бліжэйшую будучыню.

Найбольш дыскусійным было выступленне Сяргея Касцюка, які распавеў пра будаўніцтва Астравецкай АЭС. Апошнім выступоўцам была Ганна Сурмач, якая распавяла пра гуманітарную дапамогу беларусам з замежжа, а таксама падзялілася, які след Чарнобыль пакінуў у яе асабістым жыцці.