8 красавіка ў краязнаўчым музеі г.Даўгаўпілса адкрылася 25-я юбілейная выстава суполкі мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", якая была заснавана 12 студзеня 1991г мастакамі з Латвіі, Літвы, Эстоніі і Санкт-Пецярбурга, Швецыі.
Зараз у аб'яднанне ўваходзяць тры групы. Самая вялікая латвійская група, у складзе 13 мастакоў з Рыгі і 2 з Даўгаўпілса. Пачынаючы з 1991г, латвійская група аб'яднання "Маю гонар" свае выставы арганізоўвала ў розных латвійскіх гарадах. Былі персанальныя выставы ў Латвіі, Рэспубліцы Беларусь, Літве, Эстоніі, Расіі, Фінляндыі, Германіі, Францыі, Канадзе і ЗША. Члены аб'яднання працуюць у тэхніцы жывапісу, графікі, скульптуры, прыкладнога мастацтва, у розных стылях і жанрах. Мастакоў аб'ядноўвае любоў да беларускай культуры і мастацтва. Сваімі выставамі мастакі не толькі дапамагаюць беларускай дыяспары Балтыі ў захаванні і развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва, але таксама знаёмяць жыхароў рэгіёну і іх гасцей з беларускай нацыянальнай творчасцю. Экспазіцыя ў гарадскім музеі была адкрыта ў прысутнасці многіх гасцей і наведвальнікаў. Прысутных сустракалі песнямі дзяўчыны ў прыгожых нацыянальных строях ансамбля Цэнтра беларускай культуры «Пралескі» (кіраўнік Анастасія Малышава). Адкрыццё выставы вяла мастацкі супрацоўнік краязнаўчага музея Ларыса Кайминя. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся кіраўнік аб'яднання "Маю гонар" мастак, педагог і аўтар шматлікіх кніг, калекцыянер Вячка Целеш. Ён распавёў пра сваё аб'яднанне, прадставіў прысутных мастакоў, якія коратка пазнаёмілі са сваёй біяграфіяй і працамі. Мастакамі была выказана падзяка консульству Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтву музея за дапамогу ў арганізацыі выставы.
Мастакоў з адкрыццём выставы павіншавалі: віцэ-мэр г.Даўгаўпілса Яніс Дукшынскі, Генеральны консул Рэспублікі Беларусь Уладзімір Клімаў, арганізатар культурных мерапрыемстваў упраўлення культуры Інара Барышнікава, кіраўнік Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская, намеснік старшыні беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» Вольга Паўловіч, дырэктар музея Рута Гіптэрэ, член таварыства «Уздым» і пісьменнік Станіслаў Валодзька. Ён вітаў мастакоў вершам:
Вітаю поціскам рукі Вас беларусы-мастакі! Вы талент маеце такі І гонар маеце такі: Да родных гоняў нацянькі, Да дзён мінулых напрамкі, Да нашых сэрцаў напрасткі Пракладваць сцежкі і масткі.
Мастакам было выказана шмат добрых слоў і пажаданняў і ўручаны кветкі ад запрошаных гасцей і сувенірныя беларускія напоі ад таварыства «Уздым». Калектыў "Ластаўкі" (кіраўнік Таццяна Піменава) беларускага таварыства «Уздым» падарыў прысутным вясёлыя беларускія песні, ад якіх ногі самі прасіліся ў скокі. Для гасцей-мастакоў Цэнтр беларускай культуры арганізаваў наведванне крэпасці і музея Марка Роткі. Пасля экскурсіі па дарозе ў Цэнтр беларускай культуры (ЦБК) госці затрымаліся ля былога будынка беларускай гімназіі на вуліцы Варшаўскай. Гасцей суправаджаў і расказваў гісторыю роднага горада сябра таварыства “Уздым” Мікола Паўловіч. Цёплы прыем мастакі атрымалі ў ЦБК, дзе іх сустракалі кіраўніца Ж.Раманоўская і метадыст Марыя Памецька. Яны пазнаёмілі гасцей з Цэнтрам беларускай культуры.
В.Целеш падараваў ЦБК сваю унікальную кнігу аб сваім радаводзе, у свой час Ж.Раманоўская падаравала нумары газеты “Уздым”.