У Кургане адкрылася выстава беларускіх мастакоў

5 красавіка ў Курганскім абласным мастацкім музеі (Заўралле, Расія) адкрылася выстава «Бусел на даху - мір на зямлі». У яе экспазіцыю ўвайшлі работы з фондаў музея. Іх аўтары - пяць вядомых беларускіх мастакоў - жывапісцаў, графікаў, майстроў акварэлі, ілюстратараў. Іх аб'ядноўвае агульная савецкая эпоха - час іх творчага станаўлення і час стварэння прадстаўленых на выставе твораў.

Першы з іх - Вітольд Бялыніцкі-Біруля – адлюстраваў на сваім палатне «Зазелянелі беларускія бярозкі» (1947 г.) пасляваеннае адраджэнне роднай зямлі пасля фашысцкай акупацыі. У далікатна-зялёным марыве вясновых фарбаў паўстае абуджэнне да жыцця прыроды і самой шматпакутнай Беларусі. Прадстаўнік пакалення мастакоў-шасцідзесятнікаў Георгій Паплаўскі прысвяціў сваю вялікую карціну «Атлантыка (Ньюфаундлендская банка)» рыбакам.

На выставе таксама прадстаўлены эскізы ілюстрацый да казак Наталлі Паплаўскай - прадстаўніцы вялікай дынастыі паважаных у Беларусі мастакоў Паплаўскіх; акварэлі двух выдатных мастачак - Святланы Катковай і Зоі Літвінавай, якія адрозніваюцца асаблівай дэкаратыўнасцю па колеры, пластычным і рытмічным строі.

У адкрыцці вернісажу прыняла ўдзел Людміла Урванцава, старшыня Курганскай абласной грамадскай арганізацыі "Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля «Бацькаўшчына», якой споўнілася 14 гадоў. Людміла Рыгораўна расказала пра дзейнасць арганізацыі і запрасіла ўсіх прысутных на цырымоніі адкрыцця выставы на другое мерапрыемства гэтага дня - інфармацыйна-гуманітарную акцыю "У сям'і адзінай народаў Зауралля”, якая адбылася ў абласной бібліятэцы імя. А. К. Югава.

Гэтая сустрэча праходзіла ў рамках Года развіцця і адзінства народаў Зауралля і прысвечана 20-годдзю з дня падпісання Дамовы “Аб стварэнні Супольнасці Расіі і Беларусі”. На мерапрыемстве прысутнічаў кіраўнік горада Курган Сяргей Рудэнка, які адзначыў, што на працягу многіх гадоў у Зауралля з Беларуссю трывалыя добрасуседскія адносіны. Ён падзякаваў Людміле Урванцавай за захаванне нацыянальнай культуры, уручыў падарунак - гадзіннік з гербам Кургана, каб упрыгожыць нядаўна вылучанае «Бацькаўшчыне» адміністрацыяй горада памяшканне. У адказ Сяргей Уладзіміравіч атрымаў у падарунак «Беларусачку» - ляльку ў нацыянальным уборы.

На вечары гучала шмат песень у выкананні ансамбляў беларускай песні «Журавачка», рускай песні «Русь» і ўкраінскай песні «Рисковi друзi». Цешыў сваім мастацтвам танцавальны калектыў «Светлячок». Гучалі папулярныя песні рускіх, беларускіх і ўкраінскіх кампазітараў, і гэта афарбоўвала сустрэчу ў асаблівы дружалюбны каларыт.

Кніжная выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі, знаёміла з гістарычнымі традыцыямі беларусаў, даведнікамі па сталіцы Мінску і гарадах Рэспублікі Беларусь, нацыянальнымі рэцэптамі, песнямі і танцамі. Тут жа была арганізавана і выстава дзіцячай творчасці.  

Паводле Таццяны Макавеевай. Фота Мікалая Белабародава