Другі раз запар у комплексе школ у Гарадку (Польшча) прайшла „Беларуская вечарына”. Мерапрыемства пачалося з пастаноўкі, якую падрыхтавалі гімназісты.
Можна было таксама пачуць дзіцячы беларускі гурток „Казка”, які дзейнічае пры Гмінным цэнтры культуры, ды калектыў „АРТ Гарадок”.
Удзельніца гуртка:
– Заняткі ў тэатральным гуртку нашмат цікавейшыя, чым праца з падручнікам. Пастаноўку падрыхтавала наша настаўніца і валанцёрка, якая прыехала з Беларусі. Альжбета Раманчук, настаўніца беларускай мовы:
– Трэба шмат чытаць, пісаць, а пры нагодзе можна пасьпяваць ды пажартаваць.
Госць мерапрыемства: – Яшчэ больш беларушчыны стала ў Гарадку. Не так, як раней. Зараз у школе праходзіць дзіцячая імпрэза. Магчыма, яшчэ штосьці будзе.
Вераніка Цэдрык, валанцёрка з Магілёва:
– Я расказваю сваім сябрам з Беларусі, які маленькі Гарадок, а як шмат людзей размаўляе тут па-беларуску! І маім знаёмым крыху сорамна за сябе, што не ў Беларусі, а тут, жыве наша родная мова. Арганізацыю „Беларускай вечарыны” ініцыявалі валанцёры, якія штогод прыязджаюць у Гарадок. Такі абмен магчымы дзякуючы таварыству „ANAWOJ” з Міхалова. Праект фінансаваны са сродкаў “Эрасмус+”.