Беларус заваяваў Будапешт

Выступленне зоркі беларускай оперы выклікала авацыі ў венгерскай публікі. 

Саліст Нацыянальнага тэатра оперы і балета Эдуард Мартынюк працягвае ўзыходжанне на еўрапейскі оперны алімп. Ён дэбютаваў у Будапешце на сцэне Венгерскага дзяржаўнага опернага тэатра. Партыя Германа ў оперы Чайкоўскага “Пікавая дама” Мартынюку добра знаёмая. Ён спяваў яе і ў Мінску.

За дырыжорскім пультам знаходзіўся маэстра Васіль Сінайскі, у мінулым – галоўны дырыжор маскоўскага Вялікага тэатра, які цяпер жыве ў Еўропе. Цікава, што калісьці ён праслухоўваў маладога Мартынюка ў сталіцы Расіі і даў яму магчымасць выйсці на маскоўскую сцэну ў якасці запрошанага саліста. Дарэчы, Сінайскі даўно не абыякавы да беларускіх зорак. Як прызнаўся Мартынюк, дырыжор папрасіў перадаць ад яго прывітанне беларускай прымадоне Аксане Волкавай. І сказаў, што дуэт Аксаны і Эдуарда з оперы “Кармэн”, які ён глядзеў на YouTube, яму вельмі спадабаўся.