У амерыканскім Саўт-Рыверы памёр грамадскі актывіст Міхась Сенька. Яму было 94 гады.
«Зыход з жыцця адбываўся паступова. Апошнім часам нябожчык чуўся вельмі слаба. Быў у добрым доглядзе жонкі Валянціны і медыцынскага персаналу», — напісаў Янка Запруднік.
Міхась Сенька нарадзіўся 2 студзеня 1922 г. у Новым Свержні. Гэту любоў да мястэчка ён пранёс праз усё жыццё і пастаянна паэтычна згадваў ва ўспамінах ды лістах.
Падчас нямецкай акупацыі Міхась Сенька вучыўся ў медыцынскай школе ў Баранавічах на фармацэўта, некаторы час быў загадчыкам аптэкі ў Стоўбцах.
Па вайне жыў у беларускім лагеры ў Ватэнштэце (Ніжняя Саксонія), скончыў беларускую гімназію імя Максіма Багдановіча, браў актыўны ўдзел у скаўтынгу.
У 1949 г. выехаў у ЗША, пасяліўся ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі). Ён у сваіх успамінах сціпла абмінуў саўт-рыверскі перыяд жыцця. А насамрэч Міхась Сенька вельмі шмат зрабіў для запросінаў беларускіх уцекачоў у Саўт-Рывер ды далейшай разбудовы ў ім беларускага жыцця.
Ён, Лянгіна Брылеўская, Барыс Кіт, іншыя актывісты афармлялі страхоўкі і запрашэнні беларусам, перацягваючы іх у ЗША. У доме Сенькі па Херман-стрыт, 24 нашы суайчыннікі на некалькі дзён знаходзілі свой часовы прытулак.
У Нью-Джэрсі Міхась Сенька працаваў на заводзе «Форд», а ўвесь вольны час займаўся грамадскай працай: быў старшынёй Аб'яднання беларуска-амерыканскай моладзі, сакратаром Беларускага кангрэсавага камітэта Амерыкі, уваходзіў у царкоўную раду парафіі св. Еўфрасінні Полацкай, радным БЦР. Увогуле ягоная кватэра была «штабам» для ці не дзясятка беларускіх арганізацый у Нью-Джэрсі.
За ўсёй такой працай не было часу на асабістае жыццё. Ажаніўся Міхась Сенька досыць позна — у 73 гады — з Валянцінай Палюховіч. Іх гасцінны дом на Уотс-стрыт заўсёды прымаў гасцей, а самі Сенькі заўсёды трымаліся беларускага жыцця і былі актывістамі беларускага праваслаўнага прыходу.