Беларускую мову будуць вывучаць у кітайскіх ВНУ, паведаміў 22 сакавіка Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, выступаючы ў Доме дружбы на пасяджэнні моладзевага клуба «Юны дыпламат».
Асноўная ўвага падчас мерапрыемства была нададзеная ролі дыпламатыі ва ўмацаванні дружбы паміж народамі Кітая і Беларусі. Па ацэнцы Цуй Цыміна, паміж краінамі ўстанавіліся вельмі добрыя адносіны практычна ва ўсіх сферах. Кітайскі дыпламат лічыць важным, што ў Мінску і іншых гарадах Беларусі школьнікі і гімназісты вывучаюць кітайскую мову. У тым, што яны дасягаюць нядрэнных поспехаў, пасол здолеў пераканацца, паслухаўшы кітайскія песні і вершы ў выкананні беларускіх дзяцей.
Намеснік старшыні Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў Галіна Пяткевіч выказала ўпэўненасць, што сустрэча з паслом Кітая паслужыць больш актыўным беларуска-кітайскім сувязям у галіне адукацыі і культуры.
Намеснік старшыні таварыства дружбы «Беларусь — Кітай» Аліна Грышкевіч лічыць, што ў сценах Дома дружбы праводзіцца шмат мерапрыемстваў, разлічаных на маладзёжную аўдыторыю, якія дазваляюць больш даведацца пра Кітай, яго культуру і гісторыю. Насычанай абяцае быць і беларуска-кітайская праграма мерапрыемстваў на наступны год, напярэдадні 25-годдзя беларуска-кітайскіх дыпламатычных адносін.