“Востраў беларускай традыцыйнай культуры” - Алег Рудакоў пра беларускую кавярню ў Іркуцку і расчараванасць ад мінскіх рэстарацый

У траўні гэтага года ў Іркуцку будуць святкаваць 20-годдзе правядзення Першага з’езда беларусаў Прыбайкалля. З гэтай нагоды Іркуцкі моладзевы клуб “Крывічы” ладзіць міжнародны фестываль “Беларускі кірмаш”, на які з’едуцца творчыя калектывы не толькі з Іркуцкай, а і іншых абласцей Расіі, а таксама і з іншых краінаў, у тым ліку чакаюцца госці і з Беларусі.

Да юбілею моладзевы клуб "Крывічы" плануе таксама адкрыць у Іркуцку беларускую этна-кавярню. Адзін з лідараў клуба Алег Рудакоў прыехаў у Мінск у дзелавую паездку, каб вырашыць некаторыя пытанні адносна стварэння беларускай кавярні ў Іркуцку. Спадар Алег знайшоў час завітаць на сядзібу “Бацькаўшчыны” і распавесці пра тое, як рухаецца справа з адкрыццём кавярні і пра іншыя планы па святкаванні 20-гадовага юбілею.

Фестываль "Беларускі кірмаш-2015"

Востраў беларускай традыцыйнай культуры ў Іркуцку

“Яшчэ 15 гадоў таму мы мелі намер адкрыць беларускую кавярню ў Іркуцку, але тады ў нас не было  фундатараў, якія б маглі ўкласці грошы ў гэтую справу, не было людзей, абазнаных у традыцыйнай беларускай кухні, - распавялае Алег Рудакоў. - А нядаўна я выпадкова пазнаёміўся з беларусам. Ён нарадзіўся ў Сібіры, але мае беларускія карані. Яго прозвішча Глебец. Праўда, калі мы пазнаёміліся, ён пра сваё паходжанне не задумваўся. Мы разгаварыліся, я патлумачыў яму, што значыць беларускае слова “глеба”, распавёў пра беларусаў, іх традыцыі, характар. Высветлілася, што ў яго таксама беларускія карані. І ён дужа “зафанацеў”, каб адкрыць беларускую кавярню”.

Удзельнікі Іркуцкага Клуба «Крывічы», пасля «Кірмаш-2015» у кавярні, пакуль яшчэ не беларускай

Сяргей Глебец, які выступае галоўным фундатарам кавярні, мае больш 15 гадоў досведу працы ў рэстаранным бізнесе. Кавярня будзе называцца “Беларуская глеба”. Па словах Алега Рудакова, гэта будзе беларуская кавярня не толькі таму, што там будуць падаваць традыцыйныя беларускія стравы, але і паводле інтэр’еру. Усё будзе як у беларускай хаце: белыя сцены, драўляныя лавы і сталы, беларускія ручнікі, старадаўнія экспанаты беларускага побыту, традыцыйныя вырабы з саломкі. Афіцыянткі будуць хадзіць у сапраўдных беларускіх строях. У кавярні будзе гучаць выключна беларуская музыка, прычым не толькі ўсім вядомыя “Песняры” ці “Сябры”, а ў першую чаргу сучасная беларускамоўная музыка розных стыляў. У планах таксама павесіць тэлевізар і дэманстараваць на ім відэа, знятыя падчас беларускіх святаў і мерапрыемстваў Іркуцкага Маладзёвага клуба "Крывічы", а таксама пазнавальныя відэа пра Беларусь.

Яшчэ адной цікавосткай кавярні, распавядае Алег Рудакоў, будзе беларуская бібліятэка. Ужо зараз рыхтуюцца палічкі каля бармэна, дзе будзе знаходзіцца каля 500 беларускіх кніг. Наведнікі ў чаканні сваіх замоваў змогуць узяць пачытаць беларускія кнігі. Канечне, браць з сабой кнігі нельга, толькі чытаць на месцы, але, хто зацікавіцца, можа прыходзіць хоць кожны дзень.

Такім чынам іркуцкія беларусы ствараюць не проста кавярню, а, як кажа Алег Рудакоў, сапраўдны “востраў беларускай традацыйнай культуры”.

Мінскія кавярні выклікалі расчараванне

Алег Рудакоў прыехаў разам з фундатарамі ў Мінск, каб знайсці спецыялістаў па традыцыйнай беларускай кухні.

“Ужо чацвёрты дзень ходзім па Мінскіх рэстарацыях. Каштуем беларускія традыцыйныя стравы. Усё сціпла, наогул сапраўдных беларускіх страваў мала. Ёсць штосьці а-ля традыцыйнае беларускае, але ў большасці выпадкаў, гэта ўсё не тое. Таму прысутнічае пэўная расчараванасць, - дзеліцца ўражаннямі Алег Рудакоў, - але мы знайшлі тэарэтыкаў, якія вывучалі традыцыйную беларускую кухню, знайшлі кухараў, якія маюць досвед у прыгатаванні беларускіх нацыянальных страваў”.

Па словах Алега Рудакова, знайшліся кухары, якія гатовы рызыкнуць і паехаць на працу ў Іркуцк: “Мы прапануем добрыя грошы, ва ўсялякім разе па беларускіх мерках, фундатары аплочваюць пералёт да Іркуцка, будзе цалкам “белая” зарплата і сацпакет.”

Урачыстае адкрыццё беларускай этна-кавярні ў Іркуцку запланавана на 22 траўня.

Юбілейныя падарункі

Адмыслова да юбілею Першага з’езда беларусаў Прыбайкалля рыхтуецца дакументальны фільм пра беларускую дыяспару ў Прыбайкаллі.

“Рэжысёр-дакументаліст Вадзім Рудакоў (ён не мой сваяк, проста прозвішча супала) працаваў над фільмам 1,5 гады, - расказвае Алег Рудакоў, - прыязджаў да нас на мерапрыемствы, збіраў матэрыял для фільма. Ён яшчэ нават назву не прыдумаў. Што там атрымалася, я сам нават не ведаю, думаю неблагі фільм будзе. У красавіку дзесьці паглядзім фільм самі, а потым да юбілею зладзім афіцыйную дэманстрацыю”.

Яшчэ адным падарункам да юбілею стане выхад трэцяй плыткі іркуцкага гурта беларускага аўтэнтычнага спеву “Крывічы”. Гурт быў заснаваны яшчэ ў 2009 годзе з ініцыятывы Волі Галанавай, якая і зараз з’яўляецца яго кіраўнічкай і адначасова старшынёй моладзевага клуба “Крывічы”. Усе дзяўчаты-ўдзельніцы гурта нарадзіліся ў Сібіры, але яны вывучаюць беларускую мову і з задавальненнем спяваюць на ёй песні.

Воля Галанава з першай кружэлкай у руках

Першы альбом “Крывічоў” “Вецярок вее…” выйшаў у 2011 годзе. У 2013 годзе гурт выдаў другую плытку “А ў Калядачкі…” І вось сёлета мусіць выйсці трэці альбом, на якім па традыцыі будуць аўтэнтычныя песні  беларускіх перасяленцаў у Прыбайкаллі.

Шляхі беларусаў у Прыбайкаллі

Шляхі беларусаў у Прыбайкаллі, як кажа Алег Рудакоў, складаныя. Калі ён 20 гадоў таму пасля першага з’езда беларусаў Прыбайкалля спрабаваў стварыць беларускую арганізацыю ў Іркуцку і аб’яднаць беларусаў, мала хто верыў, што ў яго штосьці атрымаецца. Многія гаварылі, што беларусаў у Сібіры шмат, але яны ўсе вельмі розныя, кожны мае свае заняткі і свае інтарэсы. Аднак жа, дзякуючы настойлівасці, імпэту і адданасці беларускай справе ў Алега ўсё атрымалася.

На сённяшні дзень у Іркуцкай вобласці дзейнічаюць 3 самастойныя беларускія грамадскія арганізацыі, якія, як кажа Алег Рудакоў, у нечым нават канкурыруюць паміж сабой: Рэгіянальная грамадская арганізацыя "Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага, Іркуцкая гарадская маладзёжная грамадская арганізацыя "Моладзевы клуб Крывічы” і мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія "Беларусы Чаромхава”.

Тым не менш праблема хуткай русіфікацыі беларусаў па-ранейшаму стаіць вельмі востра. На думку Алега Рудакова, гэта шмат у чым тлумачыцца асаблівасцямі характару беларусаў: “Беларус ведае, што ён беларус, але нікому пра гэта не скажа. Большасць беларусаў не жадаюць падкрэсліваць сваю нацыянальнасць. Можа, таму, што сціплыя, а можа, таму што мала ведаюць пра Беларусь, яе культуру і гісторыю. Многім яшчэ ў школе ўбілі ў галаву, што беларуская мова сялянская, і людзі саромеюцца”.

Алег Рудакоў распавёў пра выпадак, які адбыўся ў вёсцы Тургенеўка Баяндаеўскага раёна Іркуцкай вобласці.

Усе ведаюць, што гэта беларуская вёска, заснаваная перасяленцамі з Беларусі падчас сталыпінскай аграранай рэформы. Гадоў дзесяць таму Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ўсталявала на ўездзе ў вёску вялікую шыльду з надпісам “Беларуская вёска Тургенеўка”. У вёсцы існуе аддзяленне ІТБК імя Я. Чэрскага, у школе дзеці факультатыўна вывучаюць беларускую мову. Пры гэтым, калі быў перапіс насельніцтва, у гэтай вёсцы запісалі ноль беларусаў.

“Калі я даведаўся пра гэта, быў вельмі абураны,  - гаворыць Алег Рудакоў, - стаў пытацьу людзей, як так атрымалася, а яны кажуць: “А нас ніхто не пытаў пра нацыянальнасць”.

Высветлілася, што перапісчык сапраўды нікога не апытваў, проста ўзяў звесткі ў сельсавеце, вырашыўшы, што раз гэта сібірская вёска, то там жывуць толькі рускія.

“Быць беларусам у Сібіры вельмі складана. Гэта трэба быць вялікім аматарам і вялікім патрыётам Беларусі, каб цябе запісалі беларусам у Прыбайкаллі,” – падсумоўвае Алег Рудакоў.