Дзве цікавыя падзеі адбыліся ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. У суботу, 12 сакавіка, там прайшоў Дзень на Вікіпедыі, а на наступны дзень бібліятэка ўпершыню вітала дзяцей і бацькоў на сямейнай сустрэчы.
Дзень на Вікіпедыі быў задуманы як творчая і навучальная падзея: пісаць для Вікіпедыі пра Беларусь на любой мове ці па-беларуску – на любую тэму. Вікіпедыя сёння – адна з асноўных крыніцаў ведаў для вялікай колькасці людзей. Артыкулаў пра Беларусь ці па-беларуску там ужо нямала, але павінна быць яшчэ болей, а тыя, што напісаныя – пастаянна ўдасканальвацца. Арганізаваць Дзень на Вікіпедыі ў Скарынаўцы дапамог Міхаіл Волчак з мінскай суполкі Фаланстэр, якая за адну са сваіх мэтаў ставіць садзейнічаць асвойванню грамадствам адкрытых электронных тэхналогій.
Дзень на Вікіпедыі. Фота Эко Прасэтыо
На падзею ў самой бібліятэцы прыйшло сем чалавек і яшчэ тры далучыліся праз Скайп – з Англіі і Швецыі. Праграма складалася з воркшопа па рэдагаванні Вікіпедыі для пачаткоўцаў і ўласна напісання артыкулаў. Да сесіі ў Скайпе таксама далучылася з мінскага Фаланстэра Святлана Ермаковіч, якая распавяла пра сварэнне Вікі-дапаможніка, сродкі на выданне якога збіралі па ўсім беларускім свеце з дапамогай цяпер ужо папулярнага краўдфандынга. У выніку дапаможнік выйшаў друкам у двух варыянтах – класічным і акадэмічным правапісамі – гэтак жа як і беларуская Вікіпедыя, што існуе ў двух варыянтах. Першым быў апублікаваны артыкул пра Святлану Алексіевіч... па-інданезійску! А потым з’явілася яшчэ каля дзясятка матэрыялаў па-беларуску і англійску, у т.л. пра царкву Кірылы Тураўскага, што будуецца ў Лондане, і пра панятак публічнага сектара ў эканоміцы. Шэраг ужо створаных артыкулаў былі пашыраныя і абноўленыя, напр. пра Інстытут ядзерных даследванняў Сосны і беларускую дыяспару ў Вялікабрытаніі. Уся імпрэза атрымалася вясёлай і карыснай, яна дадала ведаў удзельнікам.
Фота Вольгі і Аляксандра Кузняцовых
Музеі і бібліятэкі па ўсім свеце ўдзельнічаюць у стварэнні зместу Вікіпедыі і праз гэта адкрываюць свету і папулярызуюць свае калекцыі. Для Скарынаўкі гэта была першая спроба такой працы і, падобра, не апошняй – ужо плануюцца наступныя падобныя імпрэзы.
А ў нядзелю, 13 сакавіка, бібліятэку запоўнілі дзеці з бацькамі, каб у вельмі вясёлай і дынамічнай атмасферы з чароўным ліхтарыкам павандраваць віртуальна па розных мясцінах Беларусі, шукаць іх, адгадваць, клеіць і маляваць... У выніку кожны стварыў сваю непаўторную мапу Беларусі.
Фота Алеся Касяка
Не абышлося і без пачастунку пад інсцэніроўку апавядання «Сумны суп», а таксама песень пад гітару. Кожны панес дадому часцінку Беларусі не толькі на мапе, але і ў сэрцы.
Фота Ігара Іванова
Сустрэчу арганізавалі Вольга і Аляксандр Кузняцовы, і іх сын - Саша. Дарэчы, заняткі з дзецьмі ў Лондане цяпер адбываюцца штотыдзень, літаральна праз дарогу ад Скарынаўкі, у памяшканні беларускага царкоўнага цэнтру Кірылы Тураўскага.
Фота Ксеніі Шураўкі
Толькі што былі абвешчаны яшчэ дзве цікавыя падзеі ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане: 27 сакавіка тут пройдзе лекцыя выкладчыка ЕГУ Уладзіслава Іванова “Брэшамся і вульгарнічаем па-беларуску” пра традыцыйную табуяваную лексіку, а 14 красавіка – сустрэча з супрацоўнікамі Літаратурнага Дома “Логвінаў” - найбуйнешага прыватнага выдвецтва, якое спецыялізуецца на беларускамоўных кнігах.
Падрабязней пра гэта можна даведацца на сайце бібліятэкі skaryna.org.uk і ейнай старонцы ў Фэйсбуку https://www.facebook.com/skaryna.
Ігар Іваноў