Пры Беларускай грамадзе ў Рэспубліцы Малдова ўвосень 2015 года быў арганізаваны і пачаў дзейнічаць беларускі вакальны хор. Пра гэта паведаміў старшыня Рады Беларускай грамады ў Малдове Юры Статкевіч.
Як адзначае спадар Юры, хор з’явіўся “не раптам, не проста так”.
“На працягу больш за 10 гадоў на сваіх сходах, віншаваннях, пры ўдзеле ў розных Рэспубліканскіх малдаўскіх мерапрыемствах мы, сябры Беларускай грамады Малдовы, заўсёды спявалі нашы беларускія песні: «Рушнікі», «Касіў Ясь канюшіну» , «Бярозы», «Бывайце здаровы», «Мой родны кут» і інш. Гэта падабалася ўсім слухачам і, у першую чаргу, самім выканаўцам. За гэты час утварылася група спевакоў і запявалаў з добрымі галасамі” – распавядае Юры Статкевіч.
Увосень 2015 года на Радзе Беларускай грамады ў Малдове было прынята рашэнне аб стварэнні беларускага вакальнага хору. Доўга шукалі мастацкага кіраўніка, спрабавалі некалькіх і нарэшце знайшлі беларуса, прафесійнага музыку, які пагадзіўся ўзяцца за гэту няпростую справу. Гэта Дзмітрый Нікіцін - дырыжор джазавых эстрадных і духавых аркестраў.
“Пачаліся рэпетыцыі (па суботах) і выступы, - распавядае Юры Статкевіч. - Спачатку ў сваім калектыве, як было раней, потым у Клубе рускай песні, потым на Рэспубліканскіх мерапрыемствах: «Дзень роднай мовы» і «Масленіца». Пакуль робім першыя крокі”.
Праблема, на якую скардзіцца Юры Статкевіч, - гэта адсутнасць беларускіх нацыянальных строяў для выступленняў удзельнікаў хору. Разм з тым спадар Юры спадзяецца, што гэтую праблему ўдасца вырашыць.
“Спадзяемся, што дзяржаўныя улады нашай Радзімы падтрымаюць гэту ініцыятыву і акажуць дапамогу ў атрыманні беларускіх нацыянальных строяў для вакальнага хору Беларускай абшчыны Малдовы на карысць нашай Бацькаўшчыны, - адзначае Юры Статкевіч. - Спяваем ад шчырага сэрца нашы беларускія песні. Стараемся, каб людзі ў Малдове ведалі і паважалі нашу Беларусь!”