"Ад сёння, 13 сакавіка, у касцёле св. Балтрамея ў Вільні набажэнствы будуць адбывацца толькі на беларускай мове". Такія словы прамовіў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс у часе нядзельнага набажэнства.
Момант урачыстасці. Першы злева дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс
Далей ён зазначыў, у Вільні ёсць касцёлы, дзе набажэнствы адбываюцца толькі на адной мове, польскай, літоўскай, украінскай, то цалкам лагічна, што і беларусы павінны мець свой касцёл. Варта адзначыць, што нядзельную Імшу Яго Эксцэленцыя цэлебраваў па-беларуску. Тым самым у чарговы раз падкрэсліў, што беларусы не чужыя ні ў Віленскай архідыяцэзіі, ні ў Каталіцкім Касцёле. Упершыню, за многія стагоддзі іерархі да беларусаў звяртаюцца на іх роднай мове.
Душпастыр беларусаў Вільні і ваколіц брат Арыюш Малыска OFM Cap
Віншаванне біскупа Арунаса
Цешыць вялікая прыхільнасць літоўскіх каталіцкіх іерархаў да беларусаў. Каля года назад, 27 лютага 2015 года, прадстаўнікі беларускай грамады мелі аўдыенцыю ў біскупа Арунаса, дзе ён паабяцаў, што не толькі дапаможа ў вырашэнні праблемы беларусам мець набажэнствы на роднай мове, але і паспрыяе разам з Я.Э. арцыбіскупам Гінтарасам Грушасам таму, каб касцёл св. Балтрамея быў цалкам беларускім: http://westki.info/tbk/17850/belarusy-litvy-na-audyencyi-u-vilenskaga-bi... Сёння гэтыя абяцанні выкананыя.
Такім чынам, распачынаецца новая старонка ў гісторыі беларускага каталіцтва ў Вільні.
Душпастырам для беларусаў Вільні і ваколіц прызначаны брат Арыюш Малыска OFM Cap (Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, францысканец).
Набажэнствы на беларускай мове будуць адбывацца штодзённа а 18.00 вечара. У нядзелю будзе дзве Імшы на беларускай мове а 10.00 і 12.00. Шчыра запрашаем беларусаў наведваць беларускія службы ў Вільні. Іх далейшы лёс цалкам залежыць ад нас.
Са свайго боку выказваем шчырыя падзякі Віленскай арцыбіскупскай курыі і яе біскупам Гінтарасу Грушасу і Арунасу Панішкайцісу, а таксама Беларускай Кустодыі Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў.
Ад імя беларусаў Вільні Аляксандр Адамковіч. (здымкі Змітра Карачуна)