Памятная дошка Якубу Коласу можа з'явіцца на адным з будынкаў Вільнюса

Пасольства Беларусі ў Літве разлічвае ў бліжэйшы час завяршыць узгадненне пытання аб устанаўленні памятнай дошкі народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу на адным з будынкаў літоўскай сталіцы. Пра гэта расказаў у інтэрв'ю газеце «Вечерний Гродно» надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль, паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Дыпламат адзначыў, што гэту падзею плануецца прымеркаваць да 110-й гадавіны з дня выхаду ў Вільні першага легальнага перыядычнага выдання на беларускай мове «Наша доля», у якім быў апублікаваны верш Якуба Коласа «Наш родны край». Пасол дадаў, што беларускі бок актыўна займаецца ўвекавечаннем імён вядомых беларускіх дзеячаў культуры.

Аляксандр Кароль падкрэсліў, што немалаважнае месца ў рабоце пасольства займаюць сумесныя культурныя акцыі з арганізацыямі беларускай дыяспары Літвы. Сярод найбольш важных праектаў ён выдзеліў юбілейны фестываль беларускай песні і памятнае мерапрыемства, прысвечанае 125-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры - Максіма Багдановіча.

У красавіку ў Вільні будзе прадстаўлены выставачны праект «Час і творчасць Льва Бакста». Два праекты прадставяць у літоўскай сталіцы студэнты беларускіх акадэмій мастацтва і музыкі. Акрамя таго, прапрацоўваюцца пытанні арганізацыі восенню 2016 года гастроляў Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі па гарадах Літвы і выступленняў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў Вільні і Клайпедзе.