“Гільдыя паэтаў у эміграцыі” – гэта нефармальная суполка маладых беларускіх і ўкраінскіх літаратараў і музыкаў у Варшаве. Гільдыя збірае свае сходы, якія яна называе сінклітамі, у антыкавярні, каб “усе, хто творыць на берагах Віслы, мог быць пачуты”.
Пра ідэю распавядае арганізатар сустрэчаў Аляксандр Салдаценка:
– Сінкліт у старажытнай Грэцыі – гэта сход знаці, вяльможаў, арыстакратаў. Мы збіраемся штотыдзень, мерапрыемствы разлічаны на тое, каб кожны, хто жадае, мог данесці сваю творчасць да публікі. Мы хочам аб’яднаць вакол гэтай суполкі як мага больш творчых людзей, якія выехалі за мяжу. Пачынаем з Варшавы.
Сафія Кудраўцава, паэтка з Украіны, зазначыла, што на сустрэчах збіраюцца людзі розных нацыянальнасцяў, але ўсіх іх аб’яднала эміграцыя:
– Тут і ўкраінцы, і расійцы, цяпер у нас гішпанка, яшчэ, магчыма, сяброўка з Літвы да нас прыйдзе. Такая досыць міжнародная суполка. Намагаемся трымацца адно аднаго, маем пэўнае разуменне, нас аб’ядноўвае тое, што мы ўсе пакінулі свае краіны, і з нейкіх прычынаў пераехалі ў Польшчу.
Вольга Сычук, маладая кампазітарка з Берасця вельмі рада, што ёсць магчымасць праявіць сябе ў Варшаве ў таварыскай атмасферы:
– Я з Беларусі, з Берасця, жыву ў вёсцы Чэрні. Пачала пісаць музыку ўжо недзе ў 15 гадоў, цяпер мне 21. “Укантакце” ёсць мой паблік, прысвечаны маёй музычнай творчасці, музыка, відэа. Была вельмі рада знайсці “Укантакце” гэтае мерапрыемства, што будзе сустрэча на рускай, беларускай, украінскай мовах, вельмі была рада далучыцца і ўнесці сваю лепту, сыграць некалькі твораў, гэта вельмі здорава.
Адмысловай госцяй апошняй сустрэчы гільдыі стала Анхела Эспіноса Руіз, беларускамоўная паэтка з Гішпаніі, вучыцца на беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце. Анхела зазначыла, што стараецца не прапускаць ніякіх беларускіх мерапрыемстваў у Варшаве:
– Беларусы мяне заўсёды запрашаюць, калі ёсць нейкае мерапрыемства. Дзе будуць беларусы – заўсёды ёсць я. (смяецца – РР) У мяне ёсць вельмі крутая тусоўка, і я ў Варшаве 90 % часу размаўляю па-беларуску. Па-польску ў крамах. З малога пісала вершы. Пачала па-гішпанску, потым па-ангельску, гэта заўсёды пачынаецца як моўная практыка. Проста па-беларуску мяне заўважылі, пачала друкавацца, але не больш.
“Гільдыя паэтаў у эміграцыі” запрашае ўсіх, хто хоча прачытаць уласныя творы на публіцы, альбо паслухаць паэзію і музыку на свае сустрэчы ў Варшаве. Знайсці суполку можна ў фэйсбуку і ўкантакце.