"Беларусы Урала" адзначылі 95-годдзе з Дня нараджэння Івана Мележа

Сустрэча, прысвечаная 95-гадоваму юбілею вядомага беларускага пісьменніка Івана Мележа, адбылася ў суботу, 13 лютага, у бібліятэчна-інфармацыйным цэнтры «Урал» у Екацерынбургу.

У сустрэчы ўзялі ўдзел члены нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Урала» - «БЕЛУР» і кіраўнік аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў горадзе Екацярынбургу С.І. Матук.

З навучэнцамі нядзельнай школы беларускай мовы ў Екацерынбургу

Юбілей Івана Мележа - першае мерапрыемства ў серыі сустрэч, якія арганізуюцца ў рамках года беларускай літаратуры бібліятэчна-інфармацыйным цэнтрам «Урал» сумесна са школай беларускай мовы і культуры нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Урала» - «БЕЛУР». Перад пачаткам мерапрыемства з прывітаннямі да вучняў і выпускнікоў школы беларускай мовы і культуры звярнуліся кіраўнік аддзялення Пасольства С.І. Матук і старшыня савета беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі В.А. Азаронак. Падчас сустрэчы была прачытана лекцыя пра жыццё і асноўныя этапы творчага шляху Івана Мележа, быў арганізаваны прагляд урыўкаў экранізацыі аднаго з самых вядомых твораў класіка «Людзі на балоце». Затым вучні школы беларускай мовы і культуры, а таксама ўсе жадаючыя чыталі фрагменты з твораў Івана Мележа на беларускай мове. Завяршылася сустрэча сяброўскай гутаркай і сумесным фатаграфаваннем.