Прафесар, выдатны беларускі паэт з Беласточчыны, старшыня беларускага літаратурнага аб’яднання „Белавежа” Ян Чыквін атрымаў ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь медаль Францыска Скарыны за актыўную дзейнасць „па папулярызацыі беларускай культуры, мовы і літаратуры”.
Узнагароду ў Бельскім доме культуры яму ўручыў амбасадар Республікі Беларусь у Польшчы Аляксандр Авер’янаў.
“Такую ўзнагароду ўспрымаю як вынік добрай працы”, – кажа Ян Чыквін: – Я рады, што ў нейкім шырокім, аднак беларускім кантэксце, заўважылі улады, якія займаюцца дзялянкай у культуры – міністэрства найперш, я разумею, выступіла з такой прапановай. Тут няма значэння той ці іншы дае гэту ўзнагароду, але факт, што бачаць нас і адзначаюць, што наша праца не была на марна.
Акрамя Яна Чыквіна дзяржаўнымі ўзнагародамі адзначаныя таксама іншыя беларускія літаратары Беласточчыны: прафесар Аляксандр Баршчэўскі, ды паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч Віктар Швед. Яшчэ раней яны атрымалі ордэны Францыска Скарыны.