У Лондане 7 лютага адбылося асвячэння краевугольнага каменю грэка-каталіцкай царквы святога Кірыла Тураўскага і Усіх Святых заступнікаў беларускага народа, перадае карэспандэнт Krynica.info.
Сімвалічна, што камень быў прывезены і закладзены ў падмуркі будучай святыні з беларускай Друі – з касцёла Святой Тройцы, у марыянскім кляштары пры якім у першай палове ХХ стагоддзя пачыналася служэнне шматлікіх рэлігійных дзеячоў, якое дасягнула сваёго плёну за мяжой.
Ва ўрачыстасці ўзялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніа Меніні і кіраўнік Украінскай каталіцкай епархіі Святой Сям’і ў Лондане Глеб Ланчына, а таксама іншыя святары, якія служаць у Англіі.
Беларуская царква будзе пабудаваная з дрэва, яна стане першым храмам такога кшталту ў Лондане з часоў вялікага лонданскага пажару 1666 года.
Будучы храм святога Кірыла Тураўскага і Усіх Святых заступнікаў беларускага народа стане таксама першай беларускай каталіцкай святыняй за межамі Беларусі.
Праект царквы на падставе вывучэння і аналізу беларускага дойлідства стварыў малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со – грэка-каталік і практыкуючы парафіянін.
Беларускі цэнтр у Вялікабрытаніі існуе з 1947 года. Месцам малітвы на працягу больш чым паўстагоддзя з’яўлялася адмыслова абсталяваная капліца ў адным з дамоў рэлігійнага цэнтра Marian House. Напрацягу ўсяго часу існавання цэнтра з’яўленне царквы для беларусаў было шчырым прагненнем біскупа Чэслава Сіповіча, святароў і вернікаў замежжа, вялікім жаданнем і светлай марай а. Аляксандра Надсана.
Рэалізацыю гэтых добрых намераў распачаў спадкаемца слаўных папярэднікаў і духоўных лідараў беларускага руху Велікабрытаніі – а. Сяргей Стасевіч. Будаўніцтва царквы святога Кірыла Тураўскага і Усіх Святых заступнікаў беларускага народа будзе завершанае ў лістападзе.
“Царква ў брытанскай сталіцы – гэта больш, чым толькі рэлігійная ўстанова. Вакол царквы ладзіцца шырокае грамадзкае жыццё – у будынку культурна-рэлігійнага цэнтра Marian House адбываюцца разнастайныя сустрэчы і імпрэзы, дзейнічае нядзельная школа для дзяцей, курсы беларускай мовы для замежнікаў. Царква ў Вялікабрытаніі займаецца шырокай дзейнасцю на карысць ведаў пра Беларусь у тутэйшым грамадстве”, – распавядае сённяшні душпастыр грэка-каталікоў у Лондане.
На фатаграфіі: а. Сяргей Стасевіч, Апостальскі Нунцый у Вялікабрытаніі арцыбіскуп Антоніа Меніні і кіраўнік Украінскай каталіцкай епархіі Святой Сям’і ў Лондане Глеб Ланчына.