30 студзеня адбылася арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве і Асацыяцыяй “Крывія” сустрэча з Магілёўскім аддзелам Таварыства беларускай мовы, якая праходзіла ў Вільні, у Доме нацыянальных меншасцяў. Мерапрыемства было прысвечана праблематыцы захавання беларускай мовы ў дыяспары і метраполіі. У сёняшніх неспрыяльных для беларушчыны ўмовах паўстае праблема захаванасці для беларусаў роднай мовы і яе перадачы будучым пакаленням. І як ні трагічна, усё часцей і часцей гучыць рытарычнае пытанне: дзе існуе найбольшая пагроза беларускай мове, у дыяспары ці метраполіі.
Тое, што ва ўмовах дыяспар напачатку губляецца мова, а пасля свядомасць і затым адбываецца поўная (радзей частковая) асіміляцыя – рэч звычайная. Праз гэта прайшлі многія народы і толькі нешматлікія асяродкі праз дзесяткі пакаленняў здолелі захаваць сваю мову, тоеснасць, культуру. Але беларусы маюць іншае выпрабаванне – на іх этнічнай бацькаўшчыне ідуць актыўныя працэсы русіфікацыі, якія сёння закранулі нават вёскі. Гэтыя працэсы, зразумела, з’яўляюцца непасрэднай пагрозай для захавання, функцыянавання і распаўсюджання мовы тытульнай нацыі. Вядома, што ва ўмовах глабалізацыі, урбанізацыі, нівіліравання культур больш слабыя вымушаныя выжываць. І калі няма дзяржаўнай падтрымкі – яны самі па сабе знікаюць хутка. І гэта праблема надзвычай вострая для беларусаў, бо ўжо праз некалькі пакаленняў беларуская мова можа перайсці да ліку мёртвых моў.
Гэта была адно з асноўных тэм, якая абмяркоўвалася падчас мерапрыемства. Госці з Магілёва распавялі ўдзельнікам сустрэчы пра сваю дзейнасць і пра тое, якім чынам яны спрабуюць захоўваць і папулярызоўваць беларускую мову ў Магілёве і рэгіне. Сваім вопытам падзяліліся і віленчукі.
На пачатку мерапрыемства вядучы праграмы “Мова з Імбрыкам” Алесь Мазанік прадоўжыў моўныя заняткі, якія распачаліся тут 23 студзеня. Гэтым разам яны былі прысвечаныя беларускай музыцы. Зараз гледачы прынялі актыўны ўдзел і атрымалі шмат памятных падарункаў.
У другой частцы мерапрыемстваў Магілёўскі ТБМ пазнаёміў са сваёй дзейнасцю прысутных. Старшыня суполкі Алег Дзячкоў распавёў гледачам пра асноўныя мерапрыемствы, якія яны праводзяць і бліжэй пазнаёміў з сябрамі. Слова ўзяло шмат творчых, таленавітых асобаў, якія распавялі пра свой творчы шлях, пра планы, мары, дасягненні і новыя мэты, да якіх будуць імкнуцца. Сапраўды, на сустрэчы было шмат творчых людзей, прагучалі, напрыклад, вершы У. Высоцкага ў перакладзе на беларускую мову. А прэзентацыя арганізацыі завяршылася чытаннем сучасных баек, якія ўзнялі настрой усім прысутным.
У завяршэнне Андрэй Такінданг прадставіў гурт “Рэха” і праспяваў некалькі сваіх песен, якія не пакінулі нікога раўнадушным у зале.
Арганізатары ж мерапрыемства выказваюць падзяку Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі за аказаную дапамогу ў арганізацыі прыезду Магілёўскай суполкі ТБМ у Літву.
І зразумела, запрашаюць на чарговыя мерапрыемствы, якія адбудуцца ў Вільні 6 лютага. У 12.00 у грэка-каталіцкай царкве Святой Тройцы адбудзецца набажэнства з нагоды 110-гадавіны з дня нараджэння а. Тамаша Падзявы. Літургію на беларускай мове адслужыць а. Яўген Усошын. А 14.00 у Доме нацыянальных меншасцяў (вул. Раўгіклас 25) адбудзецца прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца “Беларуская глыбіня”.
Старшыня ТБК Алесь Адамковіч