31 студзеня ў грамадcкай зале Сабора Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк, ЗША) спадар Зянон Пазняк прэзентаваў факсімільнае выданне кнігі Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства».
Кніга распавядае аб тым, колькі набыткаў і каштоўнасцяў мела спрадвеку беларуская кніжная культура. Гэта зборы, бібліятэкі, якіх у Вялікім Княстве Літоўскім налічваліся сотні: пры манастырах, княскіх маёнтках, магістратах, яны захоўвалі сотні тысяч кніг і рукапісаў, беларускіх і з усяго свету. А таксама аб тым, як па-варварску, паслядоўна, спачатку расейскай імперыяй, затым бальшавікамі ўсё гэтае багацце нішчылася, спальвалася, рабавалася і вывозілася ў музеі Масквы і Санкт-Пецярбурга.
«Гэта адна з тых кніжак, якія выварочваюць душу ад крыўды на жорсткасць гісторыі, прымушаюць моцна біцца сэрца, і попел пакаленняў стукае ў скронь», - піша спадар Пазьняк у прадмове да выдання, тым самым заклікаючы чытача ведаць і памятаць пра страчаную спадчыну, берагчы і захоўваць тое, што яшчэ маем.