Напрыканцы 2015 года ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адбыўся вечар, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Сахарава Сяргея Пятровіча - педагога, фалькларыста, этнографа, краязнаўца, царкоўнага гісторыка, грамадскага дзеяча, аднаго з дырэктараў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, якая існавала ў Дзвінску ў 30-х гадах. На гэты вечар была запрошана яго ўнучка Нона Ахметулаева, якая падзялілася з сябрамі культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” успамінамі пра свайго знакамітага дзеда.
...Лёс у яго быў трагічны. Было многа страт: смерць жонкі, старэйшай дачкі, трагічна загінуў прыёмны сын. Дзяцей было трое: прыёмны сын Дзіма (прапаў без звестак ), дачка Галіна (памерла ад туберкулёзу ў 1940 годзе) і малодшая Ірына. Галіна дапамагала збіраць фальклор. Дзеці змаглі многае пераняць ад дзеда. Ён вызначыў усё іх жыццё. Дзіма хацеў быць журналістам, добра маляваў, любіў гістарычную літаратуру, рабіў шматлікія выразкі з газет на розные тэмы. Гэта ад дзеда. Дзед рана застаўся сіратой, яму было 8 гадоў, калі памёр яго бацька. Бацька яго быў псаламшчыком у царкве пры Полацкім кадэцкім корпусе. Сахараў С.П закончыў духоўнае вучылішча і духоўную семінарыю ў Віцебску. Але ад духоўнага сану адмовіўся. Закончыў юрыдычны факультэт Юр’еўскага (цяпер Тартаўскі) універсітэта. Атрымаў дыплом юрыста, выканаў кандыдацкую працу па царкоўнаму праву, атрымаў права выкладчыка гісторы і мовы ў сярэдніх школах, актыўна заняўся педагагічнай дзейнасцю і літаратурнай дзейнасцю.
У сям’і захаваўся дзённік бабулі Фольгі Фёдараўны, прысвечаны 25-годдзю сумеснага жыцця. З 17 гадоў яна апісвала сваё жыццё. Бацькі яе былі супраць іх шлюбу. Яна паходзіла з сям’і праваслаўнага святара Хф. Нікановіча. Бабуля хацела вучыцца ў кансерваторыі, добра грала на піяніна. Аднак вучоба не атрымалася. Марыла, каб гралі дачка і унучка. Піяніна захавалася і перададзена ў беларускую школу ў Рызе. Ва ўласнай калекцыі сям’і знаходзіцца карціна вядомага латгальскага мастака Пётры Мірановіча.“Партрэт Сяргея Сахарава з унукамі”. З Сахаравым Вольга Фёдараўна пазнаёмілася ў Люцыне (Лудза). У 1905 годзе ажаніліся, у сям’і было трое дзяцей. Яна таксама працавала на школьна-асветніцкай ніве. Неспакойнае вандроўнае жыццё, жыццёвая неуладкаванасць адмоўна паўплывалі на яе жыццё. Яна памерла ў 1942 годзе.
Таццяна Бучэль у сваёй прамове паведаміла спадырыне Ноне, што яшчэ ў 2003 годзе, калі ў Даўгаўпілскім універсітэце існаваў спецкурс беларускай мовы (1997-2009), на адной з навукова-практычнай канферэнцый пад назвай “Беларусы Латгаліі: гісторыя і сучаснасць” былі прадстаўлены працы студэнтаў другога курса гуманітарнага факультэта Майцюковіч Алены (“Сахараў Сяргей Пятровіч”) і праца Яфрэмавай Вольгі (“Сахарава Вольга Фёдараўна”). Дзякуючы падрыхтоўцы да гэтай канферэнцыі ў фондах адной з бібліятэк Латгаліі была знойдзена кніга Сахарава С.П. “Православные церкви Латгалии”. Ксеракопія гэтай кнігі знаходзіцца цяпер ў фондзе бібліятэкі Цэнтра беларускай культуры.
Рэфераты той канферэнцыі былі прадстаўлены ў Рыгу, у Саюз беларусаў Латвіі на конкурс даследчых работ “Беларусы Латвіі: мінулае і сучаснасць”, пад такой жа назвай, як калісьці праводзілі мы. Некалькі студэнтскіх прац адзначаны дыпломамі ад дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі Цэнтр нацыянальных культур” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і граматамі ад Саюза беларусаў Латвіі. Узнагароды гэтага конкурса атрымалі Алена Майцюковіч (“Сахараў Сяргей Пятровіч”) і Вольга Яфрэмава (“Сахарава Вольга Фёдараўна”), таксама Алена Бучэль (“Канстанцін Езавітаў”), Алена Швілпа (“Уладзімір Пігулеўскі”), Вэлта Тейване (“Іван Краскоўскі”), таксама Таццяна Бучэль (“Спецкурс беларускай мовы ў Даўгаўпілскім універсітэце”) і сябра таварыства “Уздым” Канстацін Капуста (“Так кто же я ? Моим родителям и всем Капустам посвящается”).
На вечарыне прысутнічалі шаноўныя госці: консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Уладзіміраўна Струнецкая і айцец Георгій.
У сваім выступленні аіцец Георгій адзначыў вялікі ўклад С.П.Сахарава ў вывучэнне праваслаўя., як аўтара дзвюх кніг па праваслаўю: “Рижские православные архипастыри за 100 лет (1835-1935)” і “Православные церкви Латгалии”. Гэтыя кнігі ёсць у праваслаўнай царкве на Новабудоўлі. Яны запатрабаваныя, іх чытаюць, можна даведацца многа цікавага пра гісторыю царквы, як жылі, чым цікавіліся. С.П.Сахараў выступае тут як царкоўны гісторык. Царква хацела выдаць яе з каментарамі сучаснасці, але свяшчэннаслужыцелі і цяпер карыстаюцца кнігамі С.П.Сахарава, выдадзенымі ў 30-х гадах. Сахараў увогуле чалавек шматгранны. У яго было многа талентаў і ён зрабіў максімальна тое, што змог...
У гісторыю літаратуры ўвайшоў сваёй асноўнай працай “Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”, якая ўключала 414 песень. Творчая спадчына Сахарава досыць вялікая. Яна ўключае ў сябе пераважна навуковыя працы кананічнага, гісторыка-культарнага, педагагічнага, этнаграфічнага і фальклорнага характару. Да 1940 года ім была напісана значная колькасць артыкулаў па розных пытаннях; брашура, прысвечаная гісторыі Лудзы “Горад Лудза ў мінулым і сёння”; гістарычныя нарысы “Краслава і Плятары”, “Прападобная Еўфрасіння, княжна Полацкая”, “Полацкі князь Усяслаў - нацыянальны беларускі асілак”. Большасць фальклорна-этнаграфічных запісаў Сахарава засталіся ў рукапісах. У яго творчай спадчыне ёсць таксама працы па кнігазнаўстве, тэатразнаўстве, па гісторыі культурных сувязяў беларусаў з латышамі і літоўцамі, працы педагагічнага і краязнаўчага характару.
Консул Генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Даўгаўпілсе Антаніна Струнецкая падзякавала беларусам “Уздыма” за тое, што яны даследуюць гісторыю беларусаў мінулых гадоў і знаёмяць з ёй усіх зацікаўленых гэтай гісторыяй. Яна адзначыла вялікую ролю “Уздыма” і ЦБК у захаванні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе. Адзначыла, што пра С.Сахарава даведалася са студэнтскіх прац, якія былі прадстаўлены на конкурс.
Дырэктар Цэнтра беларускай культуры Жана Раманоўская прэзентавала кнігу «Вольга Сахарава. Сяргей Сахараў», якая нядаўна выйшла ў Мінску на беларускай мове аб'ёмам больш чым 500 старонак тыражом 100 экзэмпляраў і адразу стала экслюзівам. Цэнтру беларускай культуры кнігу падарыў адзін з саставіцеляў - Сяргей Панізнік. З Мінскам, асабіста з С.Панізнікам, па скайпу быў арганізаваны тэлемост. Ён сардэчна вітаў беларусаў Латгаліі.
Краязнаўца, сябра таварыства ”Уздым” Мікола Паўловіч зрабіў прэзэнтацыю кніг, фотаздымкаў, розных дакументаў з сваёй асабістай калекцыі. Зінаіда Сіліня акапэльна праспявала беларускую народную песню “Зязюлечка”.
Таццяна Бучэль, Даўгаўпілс
“Уздым”, 2016