22 снежня 2015 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя друкаванай газеты беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым».
Беларускі друк у Даўгаўпілсе мае даўнюю гісторыю. Старонка беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” пачала выходзіць з кастрычніка 1994 года. Спачатку пад назвай “Слова беларуса” у газеце “Динабург” (Nr.1. 13.10.94, Nr.2. 25.11.94). Потым пад назвай “Беларус Латгаліі” у газеце “Латгалес лайкс” (1995- 2005, Nr.Nr. 1-45 23.12.1995 - 19.07.2005 ). Пазней у газеце “Сейчас” (2005-2007, Nr.Nr. 1-20 20.10.2005 – 31.05.2007).Усяго за гэты перыяд падрыхтавана 65 старонак. Nr.Nr. 1-16 за перыяд 1994-2000 г.г. - рэдактар Станіслаў Валодзька , Nr.Nr. 17-65 за перыяд 2001-2007 г.г. - рэдактар Таццяна Бучэль. Дарэчы, беларуская старонка ўсе тыя гады выпускалася на грамадскіх пачатках. Мы вельмі спадзяёмся, што яна мела свайго пастаяннага чытача і знойдзе іх і ў будучым. На беларускіх старонках - гісторыя таварыства “Уздым” і Цэнтра беларускай культуры, матэрыялы пра актыўны ўдзел беларусаў у культурным жыцці горада. Штомесячнае выданне беларускай старонкі «Беларус Латгаліі» было немалаважна для развіцця беларускай адукацыі і культуры.
Нашай мэтай было - рабіць як мага больш карыснага ў наладжванні культурных узаемадачыненняў з рознымі беларускімі таварыствамі. На працягу бягучага года часта адбываліся цікавыя сустрэчы, якія паглыблялі стасункі паміж беларусамі Прыбалтыкі, давалі цудоўную магчымасць ездзіць у госці і самому праяўляць гасціннасць. Падтрымліваючы пачынанні нашых папярэднікаў, мы былі рады перадаць усё тое, што маем і ведаем. На мой погляд, усе беларускія таварыствы стараюцца паказаць адкрытасць, добразычлівасць, нашу культуру, каб да нас ставіліся адпаведна
Апошні нумар беларускай старонкі “Беларус Латгалii” культурна-асветнiцкага таварыства “Уздым” выйшаў 03.05.2007. На жаль, па розных прычынах быў значны перапынак у выхадзе беларускай старонкі. Але мы заўсёды спадзяваліся, што ў недалёкім будучым будзе знойдзена магчымасць узнавіць выданне беларускай старонкі ў адной з гарадскіх газет.
І гэта здзейснілася! 22 снежня 2015 года ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя газеты пад назвай «Уздым».