Пра святкаванне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну ў Сіднеі, а таксама пра сэнс жыцця, яго складанасці і радасці піша сябра Беларускага грамадска-культурнага клубу ў Сіднеі Яўгенія Супрунюк.
Сёння я прачнулася рана і ў надзвычай добрым настроі.
Паглядзела ў вакно. На вуліцы прыгожая аўстралійская вясна. Ярка свеціць сонца. И ўсё яшчэ цвіце джакаранда. З вышыні восьмага паверху , дзе я жыву, гэтыя вялікія разлапістыя дрэвы, якія заўседы цвітуць у гэты час, колерам нашага бэзу, зверху падаюцца цэлымі каляровымі палямі.
Паснедаўшы і па-святочнаму апрануўшыся, я іду на станцыю, адкуль на цягніку я адпраўляюся на другі канец Сіднея. Сення я прадбачу прыемны дзень - сустрэчу з сябрамі-беларусамі Сіднея.
Я прыехала ў Fairfield загадзя. Іду не спяшаючыся. Раней у гэтым раёне я жыла не адзін год. Тут быў наш беларускі клуб. Але, многае змянілася з тых часоў. Таму наша невялікая беларуская грамада часамі арандуе прыцаркоўную залю расейскай праваслаунай царквы. Тут мы праводзім нашыя сустрэчы і святкаванні.
Я некалькі месяцаў адсутнічала па прычыне маёй паездкі ў ЗША да маёй малодшай дачкі, дзе чакаў на мяне мой маленькі сямімесячны ўнучак Мацвей.
Вось я і на месцы. Са мною цёпла ўсе вітаюцца, з цікавасцю распытваюць , як я правяла час, што пабачыла ў другой краіне.
Нарэшце ўсе сабраліся . Сёння ў нас асаблівая дата: мы святкуем Дзень Слуцкага збройнага чыну. Мне, як адказнай за культурна-сацыяльнае жыццё нашай беларускай грамады , было даручана зрабіць даклад. Мы прыгадалі гістарычныя звесткі, якія датычацца гэтых падзеяў.
Потым мелі святочны абед. Нашыя добрыя гаспадыні Валянціна Плахоцкая і Жана Ананьева, прыгатавалі смачныя беларускія стравы. Усё было добра арганізавана ў гэтым святкаванні. Наша старшыня Антаніна Дзядуля пастаралася для гэтага. Ёй дапамагалі таксама і сябры нашага камітэту Зіна і Валянцін Стукач, Ванда Плахоцкая. Вельмі прыемна вось так сустракацца са сваімі людзьмі. Усе гамоняць, вяселыя і задаволеныя , з усмешкамі на тварах, абменьваюцца навінамі. Я раблю фотаздымак. Час праляцеў хутка. Мы раз'язджаемся ў розныя бакі Сіднея з надзеяй, што хутка, пры нагодзе , зноў сустрэнемся.
Я не спяшаюся дадому. Вырашыла па дарозе зайсці ў аптэку , куды я часам звяртаюся. Я падыходжу і бачу , што там таксама нейкае святкаванне. Зайшла, бачу, што аптэка значна пашырылася, стала больш утульнай , з вялікім асартыментам розных неабходных рэчаў. Мяне сустракае ветлівая , з цёплай усмешкай служачая - маладая прыгожая дзяўчына. Мяне тут ведаюць, як сваю кліентку. А сёння тут святкуюць адкрыццё адноўленай аптэкі. Служачая , прыняўшы мой заказ, запрашае мяне ў святочна ўбраны куток залі, дзе кожнага сённяшняга кліента чакае мноства розных пачастункаў. Побач стаіць прыгожы велізарны торт - больш як на метр даўжынёю. Я не вытрымала , зрабіла фота маладой дзяўчыны , служачай, на фоне гэтага гасціннага куточка. Мяне не адпускаюць без гасцінцаў і падарунка. Прыемна.
Нарэшце, я сяджу ў двухпавярховым камфартабельным вагоне Сіднейскага метрапалітэна, еду дадому. Гляджу з вакна, па ходу цягніка, і бачу, як прадаўжае будавацца і яшчэ больш прыгажэць наш горад. Колькі тут паркаў і сквераў, колькі прыгожых месцаў адпачынку каля вады - уздоуж узбярэжжа Ціхага акіяна, дзе і раскінуўся гэты цудоўны горад. У маім вагоне я чую размовы людзей на розных мовах , едуць сямейныя людзі , з малымі дзецьмі, моладзь. Тут пачуваецца расслабленасць выхаднога дня, і весялосць, і добры настрой, і свята жыцця. Мой пазітыўны эмацыянальны стан цалкам знаходзіцца ў гармоніі з гэтымі выпадковымі спадарожнікамі.
Але, раптам мне прыгадаўся нядаўні выпадак.
Два дні таму я была ў басейне. Было горача. Таму бальшыня людзей прыйшлі, каб паплаваць звонку - на свежым паветры. Я не ёсць добрым плыўцом, таму я прыстроілася на той паласе, дзе вучацца плаваць , дзе гуляюцца дзеці з бацькамі. Навокал смех, гул, усплёскі вады. З часам я запрыкмеціла, што збоку, над вадою, стаіць адзін чалавек, з сумнымі вачыма. Ён у некага пільна ўглядаўся . Вось яго твар прасвятлеў, ён ухвальна памахаў камусьці рукою. Я крочу па вадзе і наперадзе бачу падлетка - хлопчыка-Дауна . Ен спрабуе сам праплыць некальки метраў. Атрымалася. Вось і радуецца гэтаму маленькаму поспеху ягоны тата .
Трошку падплыўшы далей, я бачу ў вадзе , амаль па шыю, стаяць двое маладых мужчын . Адзін - хударлявы, а другі - нашмат вышэйшы, з вады праглядаюць контуры ягоных шырокіх плеч. Яны аб нечым вядуць легкую дыскусыю і голасна смяюцца, шуткуюць. Так і стаяць у вадзе. Пра сябе я нават абурылася, чаму яны,такія маладыя , не плаваюць, а нават замінаюць рухацца і старым, і малым.
Пры выхадзе з басейна, перад сабою я зноў бачу гэтых дваіх. Я падняла вочы і абамлела: адзін з іх, той - высокі, ён быу зусім без рук... Толькі шырокія багатырскія плечы...
Быць міласэрнымі і ўважлівымі да людзей мы вучымся цэлае жыццё, але часта мы не можам адразу убачыць і зразумець, што настрой і самаадчуванне чалавека - гэта розныя рэчы. І, не гледзячы ні на што, кожны хоча быць шчаслівым . І ў кожнага чалавекаа ёсць сваё разуменне шчасця. Камусьці для поўнага шчасця хочацца брыльянтаў, камусьці дарагую машыну, яхту ...
А я, перажыйшы многае на сваім вяку, ужо даўно ведаю, што самае галоўнае шчасце - быць здаровым .
Складаная і супярэчлівая штука - жыццё.
Кожнаму даводзіцца насіць толькі свае боты і крочыць толькі сваёй жыццёвай сцяжынай. Трэба навучыцца прымаць гэта пазітыўна і радавацца кожнаму новаму дню.
Яўгенія Супрунюк
Сідней, Аўстралія