Сідней. Адзін лістападаўскі дзень з майго жыцця

Пра святкаванне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну ў Сіднеі, а таксама пра сэнс жыцця, яго складанасці і радасці піша сябра Беларускага грамадска-культурнага клубу ў Сіднеі Яўгенія Супрунюк.

Сёння я прачнулася рана і ў надзвычай добрым настроі.

Паглядзела ў вакно. На вуліцы прыгожая аўстралійская вясна. Ярка свеціць сонца. И ўсё яшчэ цвіце  джакаранда. З вышыні восьмага паверху , дзе я жыву, гэтыя вялікія разлапістыя дрэвы, якія  заўседы цвітуць у гэты час, колерам нашага бэзу, зверху падаюцца цэлымі каляровымі палямі.

Паснедаўшы і па-святочнаму апрануўшыся, я іду на станцыю, адкуль на цягніку  я  адпраўляюся на другі канец Сіднея. Сення я прадбачу  прыемны дзень - сустрэчу з сябрамі-беларусамі Сіднея.

Я прыехала ў Fairfield   загадзя. Іду не спяшаючыся. Раней у гэтым раёне я жыла не адзін год. Тут быў наш беларускі клуб. Але, многае змянілася  з тых часоў. Таму наша невялікая беларуская грамада часамі арандуе прыцаркоўную залю расейскай праваслаунай царквы. Тут мы праводзім нашыя сустрэчы і святкаванні.

Я некалькі месяцаў адсутнічала па прычыне  маёй паездкі ў ЗША да маёй малодшай  дачкі, дзе чакаў на мяне мой маленькі  сямімесячны ўнучак Мацвей.

Вось я і на месцы. Са мною цёпла ўсе  вітаюцца, з цікавасцю распытваюць , як я правяла час, што пабачыла ў другой краіне.

Нарэшце ўсе сабраліся . Сёння ў нас асаблівая дата: мы святкуем  Дзень Слуцкага збройнага чыну. Мне, як адказнай  за культурна-сацыяльнае жыццё нашай беларускай грамады , было даручана зрабіць даклад. Мы прыгадалі гістарычныя звесткі, якія датычацца гэтых падзеяў.

Потым мелі святочны абед. Нашыя  добрыя гаспадыні  Валянціна Плахоцкая і Жана Ананьева, прыгатавалі смачныя беларускія стравы. Усё  было добра арганізавана ў гэтым святкаванні.   Наша старшыня  Антаніна Дзядуля  пастаралася для гэтага. Ёй дапамагалі  таксама і сябры  нашага камітэту  Зіна і  Валянцін Стукач, Ванда Плахоцкая.  Вельмі прыемна вось так сустракацца са сваімі людзьмі. Усе гамоняць,  вяселыя і задаволеныя , з усмешкамі на тварах, абменьваюцца навінамі. Я  раблю фотаздымак.  Час праляцеў  хутка. Мы раз'язджаемся  ў  розныя бакі  Сіднея з надзеяй, што  хутка, пры нагодзе , зноў сустрэнемся.

Я не спяшаюся дадому. Вырашыла па дарозе зайсці ў аптэку , куды я часам звяртаюся. Я падыходжу і бачу , што там таксама нейкае святкаванне. Зайшла, бачу, што аптэка значна пашырылася, стала больш утульнай , з вялікім асартыментам розных неабходных рэчаў. Мяне сустракае ветлівая , з цёплай усмешкай служачая - маладая прыгожая дзяўчына. Мяне тут ведаюць, як сваю кліентку. А сёння тут святкуюць адкрыццё адноўленай аптэкі. Служачая , прыняўшы мой заказ, запрашае  мяне ў святочна ўбраны куток залі, дзе кожнага сённяшняга кліента  чакае мноства розных пачастункаў. Побач стаіць прыгожы велізарны торт - больш як  на метр даўжынёю. Я не вытрымала , зрабіла фота маладой дзяўчыны , служачай, на фоне гэтага гасціннага  куточка. Мяне не адпускаюць без гасцінцаў  і падарунка. Прыемна.

Нарэшце, я сяджу ў двухпавярховым камфартабельным вагоне Сіднейскага метрапалітэна, еду дадому. Гляджу з вакна, па ходу цягніка, і бачу, як прадаўжае будавацца і яшчэ больш  прыгажэць наш  горад. Колькі тут паркаў і сквераў, колькі прыгожых месцаў  адпачынку каля вады - уздоуж узбярэжжа  Ціхага акіяна, дзе і раскінуўся гэты цудоўны горад. У маім вагоне я чую размовы людзей на розных мовах , едуць сямейныя людзі , з малымі дзецьмі,  моладзь. Тут  пачуваецца расслабленасць  выхаднога дня,  і  весялосць, і добры настрой, і свята жыцця. Мой пазітыўны эмацыянальны стан цалкам знаходзіцца ў гармоніі з гэтымі выпадковымі спадарожнікамі.

Але,  раптам мне прыгадаўся  нядаўні выпадак.

Два дні таму я была ў басейне. Было  горача. Таму бальшыня людзей  прыйшлі,  каб паплаваць звонку - на свежым паветры.  Я  не  ёсць добрым плыўцом,  таму я прыстроілася на той паласе, дзе вучацца плаваць , дзе гуляюцца дзеці з бацькамі. Навокал смех, гул, усплёскі вады. З часам  я запрыкмеціла,  што збоку, над вадою, стаіць  адзін чалавек,  з сумнымі  вачыма. Ён  у некага пільна ўглядаўся . Вось яго твар прасвятлеў, ён ухвальна  памахаў  камусьці  рукою. Я крочу па вадзе і наперадзе бачу падлетка  -  хлопчыка-Дауна . Ен спрабуе сам праплыць некальки метраў. Атрымалася. Вось і  радуецца гэтаму маленькаму  поспеху  ягоны  тата .

Трошку падплыўшы  далей, я бачу ў вадзе , амаль па шыю, стаяць двое маладых мужчын . Адзін - хударлявы,   а другі -  нашмат  вышэйшы, з вады праглядаюць контуры ягоных  шырокіх плеч. Яны аб нечым вядуць легкую дыскусыю і голасна смяюцца, шуткуюць.   Так і стаяць  у вадзе. Пра сябе я нават абурылася, чаму яны,такія маладыя , не плаваюць, а нават замінаюць  рухацца і старым, і  малым.

Пры выхадзе з басейна, перад сабою я зноў бачу гэтых дваіх. Я падняла вочы і абамлела:  адзін з іх, той - высокі, ён быу  зусім без рук... Толькі шырокія  багатырскія плечы...

Быць міласэрнымі і ўважлівымі да людзей  мы вучымся цэлае жыццё, але часта  мы не можам адразу убачыць  і  зразумець, што настрой  і самаадчуванне чалавека - гэта  розныя рэчы. І, не гледзячы ні на што, кожны хоча быць шчаслівым . І ў кожнага чалавекаа ёсць сваё разуменне шчасця. Камусьці для поўнага шчасця хочацца брыльянтаў, камусьці дарагую машыну, яхту ...

А я, перажыйшы многае на сваім вяку, ужо даўно  ведаю, што самае галоўнае шчасце - быць здаровым .

Складаная і супярэчлівая штука  -  жыццё.

Кожнаму даводзіцца насіць толькі свае боты і крочыць толькі сваёй жыццёвай сцяжынай. Трэба навучыцца прымаць гэта пазітыўна і радавацца кожнаму  новаму дню.

Яўгенія Супрунюк

Сідней, Аўстралія