Якім было культурніцкае жыццё беларусаў у Вільні ў 1936 годзе

Публікацыі ў віленскіх часопісах "Chryścijanskaja Dumka" i "Шлях моладзі" за 1936 год даюць магчымасць уявіць, якім было культурніцкае жыццё беларусаў у Вільні восемдзесят год таму.

Панарама Вільні. Фота Яна Булгака.

Польскія ўлады, чым бліжэй да ІІ Сусветнай вайны, тым мацней уціскалі беларускі рух. Нягледзячы на гэта, цікаўнасць людзей да беларушчыны толькі ўзрастала. Язэп Найдзюк піша ў "Шляху Моладзі", што дагэтуль лекцыі, ладжаныя культурніцкімі дзеячамі ў Вільні, ледзь збіралі пару дзясяткаў асобаў, а апошнім часам сталі прыходзіць сотні.

26 студзеня 1936 года лекцыю "Пачаткі гісторыі Беларусі" прачытаў на сядзібе Беларускага Інстытута Гаспадаркі і Культуры (Завальная, 1) кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Пасля лекцыі студэнты Ст. Мядоўскі, А. Дасюкевіч і др. Я Малецкі дэкламавалі вершы беларускіх паэтаў, а хор БІГіК спяваў беларускія песні. "Людзей была поўная зала, пакой суседні каля залі, у якім месьціцца чытальня Інстытуту і прадпакой, дзе бадай нічога з залі не было чуваць", - піша "Шлях моладзі".

2 лютага кс. Гадлеўскі чытаў лекцыю "Скуль узяўся беларускі народ", 9 лютага - "Аб арганізаваньні беларускай дзяржаўнасьці", 16 лютага - "Пачаткі хрысьціянства на Беларусі", 23 лютага - "Пачаткі пісьменства на Беларусі". 1 сакавіка ў той жа залі кс. Адам Станкевіч прачытаў лекцыю на тэму "Франціш Скарына і яго праца".

15 сакавіка 1936 года ва ўніверсітэце імя Стафана Баторыя ў Вільні адбыўся вечар беларускай паэзіі і песні. "Заля Сьнядэцкіх Віленскага Універсітэту ярка асьвечана і па берагі выпаўнена публікай. З-за вішнёва-залацістае катэдры з-пад бела-чырвона-белых нацыянальна-беларускіх сьцягоў і "Пагоні" плывуць громкія словы мгр. Ст. Станкевіча аб маладой беларускай паэзіі", - піша "Шлях моладзі". На тым вечары гучалі вершы Міхася Машары (ён чытаў іх асабіста), Міхася Васілька, Максіма Танка, Анатоля Бярозкі, Наталлі Арсенневай, Хведара Ілляшэвіча. Спяваў песні хор пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, а скочыўся вечар гімнам "Адвеку мы спалі..."

Рэлігійнае жыццё беларусаў-каталікоў у Вільні таксама ажывілася. У літоўскім касцёле святога Мікалая штонядзелі была Імша для беларусаў, падчас якой было беларускае казанне і беларускія спевы. "Цяпер на набажэнствы да касцёла св. Мікалая, ня гледзячы на раньнюю гадзіну, прыходзіць значны лік людзей, а часамі, як на Рараты і 26 І на беларускія калядкі, было людзей у касьцеле поўна. Словам, вялікая ўжо пара на свой асобны касьцёл", - піша "Chryścijanskaja Dumka".