Беларуская Калядная Ялінка’2016 у Таронта

10 студзеня Царква Св. Кірылы Тураўскага і Згуртаванне Беларусаў Канады зладзіла Беларускую Калядную Ялінку’2016.

Удзельнікаў Ялінкі прывітаў Айцец Яўген і распавёў дзеткам пра жыццё сына Божага, Ісуса Хрыста, пасля чаго пачаўся спектакль. Мамы і таты праявілі ініцыятыву ў гэтым годзе і паставілі спектакль паводле п’есы Сяргея Кавалёва “Шлях да Бэтлеему”.

На Ялінку традыцыйна завіталі і Каляднікі з Казой, Мядзведзем і Буслом, якія пазабавілі дзетак і бацькоў калядкамі і гульнямі.

Дзядуля Мароз са Снягуркай павадзілі з дзеткамі карагоды вакол каляднай ялінкі ды выслухалі ўсе вершы і песні, падрыхтаваныя дзеткамі. І вядома, усе атрымалі невялікія падаруначкі, якія, дарэчы, у гэтым годзе былі з Беларусі. Так літаратурна-забаўляльны дзіцячы альманах “Гарбузік” з макетам Лідскага замка і набор немаўклівых паштовак “Не маўчы па-беларуску” павезлі дадому больш за тры дзесяткі канадскіх беларусікаў.  

Па словах нашых удзельнікаў, Беларуская Ялінка прываблівае сваёй хатняй, утульнай і святочнай атмасферай з пазітыўным зарадам энэргіі на ўвесь год!

Не паспелі дагучаць калядныя званочкі, а мы ўжо рыхтуемся да наступнага нашага мерапрыемства, якое ўжо не за гарамі.

Мова Нанова ў Таронта запрашае на заняткі ў суботу 23 студзеня. Тэма: Беларускія стравы. Гатуем разам!  

Ірына Тоўсцік, фотаздымкі: Алена Лявончанка і Максім Зінчук