Беларусы Беласточчыны ў асобе айца Рыгора Сасны страцілі не толькі праваслаўнага святара, але таксама свядомага беларуса і выдатнага публіцыста. Сотні яго артыкулаў былі надрукаваныя на старонках тыднёвіка беларусаў у Польшчы ”Ніва”, – гаворыць яго галоўны рэдактар Яўген Вапа.
– Ён апісваў і дакументаваў у нашым тыднёвіку «Ніва» гісторыю прыходаў, таксама друкаваліся яконыя працы, звязаныя менавіта з беларусамі, якія жывуць здаўна на гэтых землях. Так што гэта напэўна чалавек, які для нашай тоеснасці і для людзей, якія хацелі б ведаць сваю гісторыю, а таксама гісторыю сваёй царквы – ён даў вельмі многа. Айцец Рыгор Сасна памёр 6 студзеня пасля доўгай і цяжкай хваробы на 77-ым годзе жыцця. 9 студзеня ён быў пахаваны на праваслаўных могілках у Бельску Падляшскім. Пра айца Рыгора гаворыць прафесар Алег Латышонак, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства.
– Айцец Рыгор быў сябрам Беларускага гістарычнага таварыства. Мы яго між сабой называлі нашым капеланам. Ён цікавіўся не толькі гісторыяй царквы, але пры нагодзе быў выдатным краязнаўцам, ведаў гісторыю і пісаў гісторыю нашых мясцовасцяў, пры нагодзе пісання гісторыяў праваслаўных прыходаў. Пра айца Рыгора ўзгадвае краязнаўца з Бельска Дарафей Фіёнік. Яны былі знаёмыя чвэрць стагоддзя і разам даследвалі гісторыю праваслаўнае царквы на Падляшшы.
– Я вучыўся ў айца Грыгорыя. Гэта быў мой настаўнік. Плябанія ў Рыбалах мне вельмі блізкая, там адбываліся доўгія, важныя і цікавыя размовы пра нашую гісторыю і культуру. Там, можна сказаць, пачынаўся і „Бельскі гасцінец”, наш часопіс, айцец Грыгорый нам падказаў такую назву. Сапраўды для мяне айцец Грыгорый быў вельмі блізкая асоба.
*** Рыгор Сасна нарадзіўся ў 1939 годзе ў Шэрнях каля Орлі.
Святарскую службу пачаў у 1960 годзе ў Кальнікове. У той час ён зацікавіўся гісторыяй Праваслаўнай Царквы.
Сваё святарскае служэнне: у Кодні, Семятычах і затым цягам апошніх 27 гадоў у парафіі ў Рыбалах айцец Рыгор спалучаў з навуковай працай. Ён апублікаваў каля 30-ці кніжак, сотні артыкулаў, у прыватнасці датычных гісторыі Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, як і асобных парафій.
Айцец Рыгор Сасна заўсёды адчуваў сябе свядомым беларусам. Ён ахвотна супрацоўнічаў з Беларускім радыё “Рацыя”. Разам з Матушкай Антанінай ён стварыў у Рыбалах этнаграфічны музей “Бацькаўшчына”.
Беларускае Радыё Рацыя