У Кіеве знайшлі невядомыя тэксты Казіміра Малевіча. Яны захоўваліся ў хатнім архіве Мар'яна Крапіўніцкага, які як асістэнт стэнаграфаваў выступы мастака ў Кіеве.
Сярод тэкстаў — пратаколы выступаў Малевіча адносна планаў распрацоўкі даследчага эксперыментальнага кабінета выяўленчага мастацства ў Кіеўскім мастацкім інстытуце, а таксама разважанні аб праблемах адукацыі мастакоў, стварэнні новай акадэміі мастацтваў. 4 з 5 знойдзеных тэкстаў раней ніколі нідзе не друкаваліся, таму іх плануюць апублікаваць у лютым 2016 года.
«Гэта незвычайная падзея для кіеўскага культурнага гарызонту. Да гэтага часу кіеўскі перыяд Малевіча быў найменш даследаваны ў яго рабоце», — адзначыла арт-менеджар і даследчык творчасці Малевіча Таццяна Філеўская.
Сам Малевіч называў сябе «землянітам» і «касмітам», грамадзянінам Зямлі і космасу. Таццяна Філеўская нагадала, што першай пра ўкраінскі складнік у спадчыне мастака загаварыла французская даследчыца ўкраінскага паходжання Валянціна Маркадэ, пасля яе словы падхапіў Дзмітрый Гарбачоў, што развіў тэму «Малевіч і Украіна».