16 лістапада, споўнілася 90 год з дня народзінаў Кастуся Акулы – аднаго з заснавальнікаў Згуртаваньня Беларусаў Канады і ягонага першага кіраўніка, пісьменьніка, ляўрэата Прэміі Ф.Багушэвіча, журналіста, грамадзкага дзеяча, аднае з самых адметных постацяў Беларускае эміграцыі. Менавіта з гэтае нагоды Беларуская грамадзкасьць Канады прызначыла лістапад 2015 году месяцам Кастуся Акулы.
У першы дзень лістапада, на Дзяды, сябры Згуртаваньня Беларусаў Канады наведалі таронтаўскія могілкі “Pine Hills”, дзе пахаваны Кастусь Акула. Прыбралі ягоную магілу. Пасадзілі новыя кветкі – ірысы бесьсьмяротныя брунатна-чырвонага і белага колераў. Узялі па чарцы за ўсіх Дзядоў – тых, што ляжаць у Канадзе, і тых, што засталіся ў Беларусі, і ўсіх раскінутых па сьвеце.
16 лістапада канадыйскія беларусы, хто ведаў Кастуся Акулу, хто вельмі за ім сумуе, ізноў прыйшлі на ягоную магілу. Прынесьлі белыя і чырвоныя кветкі, сьцягі, рушнікі, Пагоню – усё, што было для яго сьвятым у жыцьці. Чыталі ягоныя вершы. Дзяліліся ўспамінамі… А потым зрабілі маленькую пілігрымку па “акулаўскім мясьцінам” у Таронта. Дом, дзе ён жыў, куды прывёў жонку Надзею, дзе нарадзіліся й вырасьлі іхнія чацьвёра дзяцей – Алесь, Ганна, Альгерд, Юрась. А яшчэ – і гэта сталася сюрпрызам – Іра Варабей прывяла ўсіх у той парк, да тае лаўкі, куды аднойчы даўно прывёз яе дзядзька Кастусь, каб “пакарміць вавёрак”, а насамрэч распавесьці ёй, як тут, на гэтай лаўцы, 40 гадоў таму (цяпер ужо болей за 50) пісалася (набіралася на ручной друкарцы) трылёгія “Гараватка”. Зноў дзяліліся ўспамінамі, але збольшага пасядзелі моўчкі, прыслухоўваючыся да думак прысутнага тут Кастуся…
“…Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляваньні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць сьвятыню маей адзіноты … Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне-ж, з адлегласьці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазірнуць у мой сьвет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасьля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў…” (Кастусь Акула)
У нядзелю, 22 лістапада Беларуская грамадзкасьць Канады ўрачыста адзначыла 90-я ўгодкі народзінаў нашага знакамітага суродзіча. У Беларускім Цэнтры, што ў Таронта, высілкамі сябраў Згуртаваньня беларусаў Канады – арганізацыі, якую ў 1948 г. заснаваў Кастусь Акула – сталася ганаровая акадэмія.
Распачаў урачыстасьці Старшыня Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады Зьміцер Эльяшэвіч. Ён адзначыў ролю й месца юбіляра ў гісторыі Беларускае паваеннае эміграцыі ў Канадзе. Пакінутае Кастусём Акулам у спадчыну сталася істотнейшым унёскам у справу мацаваньня Беларушчыны ня толькі ў Канадзе, але й ва ўсім Заходнім Сьвеце. Кастусь Акула застаўся ў нашай памяці найперш як чалавек адданы сваёй Радзіме-Беларусі. Так, Канада стала яго домам, і ён пра тое неаднойчы казаў. Аднак ўражвала ягоная любоў да Беларусі, цікавасьць да ўсяго, чым жыла Бацькаўшчына. Ён з велізарнаю павагаю ставіўся да беларускага слова, і вельмі цешыўся, калі яшчэ адна беларускамоўная асоба з найноўшае іміграцыйнаe хвалі завітвала ў наш Беларускі Цэнтар.
Алесь Кот распавёў пра той пэрыяд канца 40 гадоў мінулага стагодзьдзя, калі групаю беларусаў зь ліку тых, што прыехалі па кантрактах у Канаду зь Вялікае Брытаніі, сталася закладзенаю першая беларуская нацыянальная арганізацыя ў Паўночнай Амэрыцы, што атрымала назоў “Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе”.
Расьцярушаныя па велізарных абшарах Канады, беларусы напачатку ня мелі аніякіх магчымасьцяў дзеля наладжваньня стасункаў паміж сабою. Былы жаўнер Другога корпусу арміі Андэрса малады хлапец Кастусь Акула добраахвотна ўзяў на сябе цяжар скамунікаваць і сабраць разам колькісь‘ сьведамых суродзічаў праз выданьне і рассылку першае ў Паўночнай Амэрыцы беларускае газэты “Беларускі Эмігрант”. Друкаванае слова разыходзілася па сьвеце й атрымоўвала першыя водгукі, ўсё больш і больш прыцягваючы ўвагу беларускага люду, з-за вайны вымушана пакінуўшага Бацькаўшчыну. Так, 23 сакавіка 1948 г. рэдакцыя атрымала ліст з Гальштаду, Швэцыя, у якім сказана й наступнае:
“… Мая Вам вялікая ўдзячнасьць за тры экз. “Беларускага Эмігранта”. Так склалася, што надовечы быў у нас праездам у Штокгольм Сп. Прэзідэнт М. Абрамчык. Вось-жа ён прачытаў рэдагаваны Вамі часапіс ад першае да астатняе балонкі і выказаўся дужа пахвальна як аб зьмесьце “Беларускага Эмігранта”, так і аб ягоным афармленьні. У гэтым лісьце на спробу шлю Вам 1 дал. Няхай расьце і разьвіваецца Ваш заакіянскі часапіс, – мы са Старога Сьвету будзем яму памоцным чым і як мага…”
Ваш А.О.“
Кастусю Акулу тады было 22 гады.
Прамоўца таксама прадэманстраваў прысутным у залі Беларускага Цэнтру гістарычны Камунікат Часовае Галоўнае Ўправы закладваемае арганізацыі і агучыў першую тэзу гэтага дакумэнту:
“… 28-га лістапада 1948 г. на Сходзе беларусаў у Торонто, скліканай Ініцыятыўнай Групай да арганізаваньня Беларусаў у Канадзе, было пастаноўлена ўтварыць беларускую нацыянальную арганізацыю ў Канадзе п. наз. “Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе” /З.Б.К./. Выбрана спаміж сяброў сходу Часовая Галоўная Управа Ў наступным складзе:
Старшыня – К. Акула
Заст. Стар. – Б. Оранскі
Сакратар – М. Пашкевіч
Скарбнік і рэф. дапамогі – Я. Пітушка …“
Алесь Кот засяродзіў увагу аўдыторыі на тым, што словы “беларус”, “беларускі” у адным толькі першым сказе гэтага асноватворчага дакумэнту ўзгадваюцца чатыры разы, а ва ўсім аднобачынкавым тэксьце камунікату – васемнаццаць(!) разоў. Навошта? Каб ні ў каго ня засталося сумненьняў, якога кшталту закладваецца арганізацыя. Ня прыхільнікаў Беларушчыны, ня сяброў Беларусі, ня аматараў беларускага слова, але менавіта арганізацыя БЕЛАРУСАЎ. Бо калі прыцісьне і прыйдзецца сур’ёзна змагацца за сваё, за беларускае, то па вялікаму рахунку і на “прыхільніка”, і на “аматара”, калі яны небеларускага паходжаньня, спадзяваньні квёлыя.
Сталася узгаданым і яшчэ пра некаторыя тэмы, што сьціпла абмінаюцца увагаю падчас расповеду пра грамадзка-палітычную дзейнасьць Кастуся Акулы. А менавіта, пра Камітэт Сувязі Быўшых Беларускіх Ветэранаў, які ён ўзначальваў. Першая Сусьветная Сустрэча Беларускіх Ветэранаў адбылася 17-18 жніўня 1974 году ў Манчэстэры, Вялікая Брытанія. Удзельнічалі ў ёй быўшыя беларускія вайскоўцы зь пяці краінаў: Аўстраліі, Вялікае Брытаніі, Гішпаніі, Канады й Францыі. Мэтаю Сустрэчы было сьвяткаваньне 30-х угодкаў Беларускае Краёвае Абароны і ўшанаваньне памяці тых Беларусаў, што змагаліся й аддалі сваё жыцьцё за волю Бацькаўшчыны. Згодна з рашэньнем удзельнікаў Сустрэчы й пачалося выданьне часапісу беларускіх вэтэранаў “Зважай”, галоўным рэдактарам якога быў ізноў жа Кастусь Акула. Часапіс стаўся магутным ідэалягічным рупарам беларусаў замежжа, годным выданьнем, што прыйшло на зьмену газэце “Беларускі Эмігрант”.
На працягу колькісь‘ год Кастусь Акула ўваходзіў у склад Рады БНР, зьяўляўся прадстаўніком Рады ў Канадзе.
Калі ў 1988 гаду паўстаў Беларускі Народны Фронт, Згуртаваньне Беларусаў Канады не вагалася з вызначэньнем свае пазыцыі адносна дачыненьняў з новапаўсталай у Беларусі палітычнай сілай, але адразу ж зразумела, што тыя надзеі на вяртаньне Бацькаўшчынаю свае незалежнасьці, якія натхнялі Беларускую эміграцыю ў першыя 10-15 паваенных год, і сталіся страчанымі з пачаткам пэрыяду так званага мірнага суіснаваньня Захаду з Усходам, атрымліваюць магутную падмогу, права на новае жыцьцё. Навязваньне стасункаў з Фронтам, зарганізаваньне візыту ў Канаду дэлегацыі БНФ на чале з ягоным Старшынём Зянонам Пазьняком, кантакты паміж кіраўніцтвам абодвух арганізацыяў, усебаковая дапамога першай рэальнай апазыцыйнай існуючай у Беларусі камуністычнай уладзе сілe. Кастусь Акула й тут праявіў сябе як адданы беларускі патрыёт, моцна дапамогшы Фронту матэрыяльна.
Маючы на руках невылечна хворых жонку й трох дзяцей, працаваў на вытворчасьці, займаўся разнастайнай грамадзкай дзейнасьцю і і пры ўсім гэтым знаходзіў магчымасьць пісаць, выдаваць й дапамагаць у гэтай справе іншым…
Далей Алесь Кот зачытаў успаміны вядомых асобаў з розных куткоў сьвету, адмыслова падрыхтаваныя імі да ўрачыстасьцяў у Канадзе з нагоды 90-годдзя народзінаў Кастуся Акулы: сярод іх – Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, Атава, Дырэктара Беларускага Інстытуту Навукі і мастацтва ў ЗША доктара Вітаўта Кіпеля, Нью-Ёрк, пісьменьніка Ўладзімера Арлова, Менск, краязнаўцы Ігара Бараноўскага, Бярэсьце, Старшыні КХП-БНФ “Адраджэньне” Зянона Пазьняка, Варшава.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, Атава
Дарагія сябры,
Нажаль не магу прысутнічаць на сьвяткаваньні 90-х угодкаў народзінаў Кастуся Акулы, але буду з Вамі ў гэтую нядзелю ў сэрцы і думках.
З гэтае нагоды дазвольце падзяліцца з Вамі некаторымі успамінамі пра Кастуся.
Спаткаліся мы зь ім першы раз у 1970 годзе у Атаве. Мы нядаўна былі прыехалі з Гішпаніі, і Кастусь з жонкаю і малым сынком Альгердам, а таксама Спадарства Грыцукі прыехалі нас адведаць у Атаве.
Ад тога часу, спаткаліся з Кастусём кожны раз, калі былі ў Таронта – а ездзілі мы з сям’ёй на ўсе Вашыя сьвяткаваньні (у 1972 годзе былі у гэтай залі 12 разоў!). Звычайна Кастусь сядзеў за сталом з кнігамі.
Таксама часта тэлефанаваў нам – звычайна ноччу – каб падзяліцца нечым, што меў на сэрцы.
Усе мы ведаем пра талент гэтага вялікага беларускага патрыёта. Ведаем пра ягоныя, часам вельмі адважныя выступленьні, – як прыкладам, у 1967 годзе на Сусьветнай Выставе у Манрэалі. …Але, магчыма ня ўсе ведаюць пра ягоную шчодрасьць. А гэта – велізарная якасьць чалавека.
Кастусь ня меў машыны. Ня меў, бо вырашыў, што грошы, якія яна каштавала б – больш прыгадзіліся ў Беларусі. Кожны месяц высылаў частку свае пенсіі ў Беларусь. Адным памагаў, другім ахвяраваў на розныя ініцыятывы.
Aсабіста я яму яшчэ ўдзячная за тых 500 даляраў, якія ён ахвяраваў у 1990 годзе на Канадыйскі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобылю ў Беларусі, калі
мы рабілі вялізарныя высілкі, каб сабраць патрэбныя сродкі на дапамогу пацярпелым у Беларусі ад гэтае страшнае бяды. Толькі Кастусь Акула і Доктар Рагуля ахвяравалі тады такія сумы грошаў. Нават Царква дала нам толькі пазыку – якую мы хутка аддалі – каб прывезьці беларускіх дзетак у Канаду.
Кастусь Акула заўсёды быў часткаю нашае Беларускае СЯМ’І у Канадзе. Калі жаніўся ягоны сын Юрка ва Фларыдзе, – і бацькоў яго ўжо ня было між намі, – запрасіў мяне на вясельле, бо я была, як і кожны з нас, часткаю яго беларускае сям’і. Для мяне было гонарам прысутнічаць на вясельлі сына Кастуся. Узяла с сабою прыгожую здымку бацькі і маленькую колькасьць экспанатаў, каб паказаць усім амэрыканскім гасьцям прыгожую спадчыну Юркі.
Дык віншую сёньня Юрку з Сюзан, Альгерда і ўсіх нас з юбілеем Кастуся Акулы. Удзячная, што памяць пра яго жыве між намі.
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, Менск
голас якога па тэлефоннай лініі праз узмацняльнік чула ўся заля Беларускага Цэнтару:
Кастусь Акула быў для мяне адным з увасабленьняў беларускай эміграцыі — той, якая, на паўстагодзьдзя адарваная ад Бацькаўшчыны, захоўвала мову, культуру, незалежніцкія ідэі.
Знаёмства са спадаром Кастусём пачалося на пачатку 1980-х, калі да маіх рук патрапілі ягоная канадыйская кніжка «Ўсякая ўсячына», а неўзабаве і колькі нумароў часопісу «Зважай», які Акула больш за дваццаць гадоў выдаваў у Тароньце. Часопіс паведамляў пра тое, аб чым нашая прэса яшчэ доўга маўчала: пра жыцьцё дыяспары, пра вайсковыя базы зь ядзернай зброяй, якімі была нашпігаваная Беларусь, пра лёс беларускага дысыдэнта Міхала Кукабакі…
У час нацысцкай акупацыі будучы пісьменьнік здаў іспыты ў апошнюю восьмую клясу Віленскай беларускай гімназіі, але скончыць яе не пашчасьціла: падчас адной з паездак дадому трапіў у Менску ў аблаву. Вучэньне перапынілася трыма месяцамі нямецкай вязьніцы і месяцам канцлягеру.
У чэрвені 1944-га ён паступіў добраахвотнікам у Менскую школу камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны, якая афіцыйна так і не пасьпела адчыніцца. Потым былі чыгуначныя эшалёны, пешыя маршы па дарогах Эўропы. Пры канцы жніўня краёвыя абаронцы арганізавана перайшлі да францускіх партызанаў. Пазьней Кастусь уступіў у 8-ю брытанскую армію, браў удзел у баях з гітлераўцамі на Апэнінскай паўвысьпе, памяткаю пра што засталіся ўзнагароды — ангельскі «Мэдаль за вайну» і «Зорка Італіі».
За акіянам Кастусь стаў першым старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады, рэдагаваў газэту «Беларускі эмігрант» супрацоўнічаў з славутым парыскім «Континентом».
У 1962-м пабачыў сьвет першы раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», які ў 1994-м быў перавыдадзены ў Беларусі і некалькі месяцаў займаў найвышэйшыя радкі ў сьпісах айчынных бэстсэлераў, адкуль потым перавандраваў у складзены «Нашай Нівай» пералік 100 найбольш папулярных беларускіх кнігаў ХХ стагодзьдзя. Пяру Кастуся Акулы належыць цэлая бібліятэка, дзе адметная месца займае аўтабіяграфічная трылёгія «Гараватка».
Ён шчодра падтрымліваў нашы незалежныя выданьні. Любіў рабіць падарункі, прычым гэта заўсёды былі карысныя й патрэбныя рэчы. Чаравікі зь неверагодна трывалай валовай скуры, прывезеныя мне на пачатку 1990-х я абуваю й цяпер.
Прыязджаючы ў Беларусь, ён казаў, што памяняў бы усіх канадыйскіх птушак на родных беларускіх сарокаў, якія ў таронцкіх ваколіцах чамусьці не вяліся, а таму здаваліся яму неверагодна экзатычнымі.
У кожным зь лістоў да мяне ён маляваў птушку ў палёце.
Ягоная душа імкнулася да роднага неба.
Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і мастацтва ў ЗША доктара Вітаўт Кіпель, Ню Ёрк
К. Акула быў актыўным сябрам БІНІМу ў Ню Ёрку. Ягонае супрацоўніцтва з нашым інстытутам палягала ў трох накірунках.
1. Дапамога ў выданьні як перыёдыкі (“Запісы БІНІМу”), так і асобных манаграфіяў, манускрыптаў. Так, напрыклад, 18-ы выпуск “Запісаў…”, у які ўвайшла карэспандэнцыя Д-ра Тумаша з Д-рам Свароўскім цалкам адрэдагавана й выдадзена К. Акулам. Ён таксама пакрыў 50% выдаткаў на друк названага выпуску. К. Акулам падрыхтавана і напалову прафінансавана рэпрадукцыя “Псалтыра” Францыска Скарыны, выданага ў Вільні ў 1522 г. Раней лічылася, што названае выданьне выйшла ў сьвет у 1525 г. Але падчас дадатковых дасьледваньняў у Капенгагене знайшлі сьведчаньні, што гэты “Псалтыр” стаўся выдадзеным на 3 гады раней – у 1522г. $4,000 (50% выдаткаў) – з Акулавае кішэні. Расейскі прафесар Невяроўскі вельмі цікавіўся тым “Псалтыром” Скарыны, да асобы якога ён навогуле ставіўся даволі пазітыўна. І калі яму ў Маскву даслалі асобнік рэпрадукаванае кнігі, ён ня мог паверыць такому шчасьцю – займець сваю асабістую копію знакамітае кнігі нашага першадрукара, пра якую ён толькі й марыў што каб паглядзець на яе хоць адным вокам. Изноў жа, дзякуючы К. Акулу.
Кніга “Праз рок-прызму” aўтары Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй. У Менску яе ніхто не хацеў друкаваць. Але потым аўтарам падказалі, што ёсьць у Канадзе такі літаратар і мецэнат у адной асобе – Кастусь Акула. Яны даслалі Акулу рукапіс. Чым праняла яго тая кніжка, але праз некаторы час ён прыехаў у Ню Ёрк, дзе сталася скліканым адмысловае паседжаньне Ўправы БІНІМу, на якім прыняўшы важкія довады К. Акулы пастанавілі кнігу тую выдаць. Галоўным рэдактарам прызначылі Д-ра Яна Запрудніка. А вычытвала яе Паўля Сурвілла, сёньня прафесарка аднаго з універсітэтаў штата Аёва. К. Акула надрукаваў кнігу “Праз рок-прызму” ў Канадзе, выдаткаваўшы на гэтую справу свае $3,000, што склала традыцыйныя 50% ад усіх выдаткаў. Амаль увесь наклад выданьня стаўся дасланым у Беларусь.
2. Другім накірункам супрацы ў БІНІМе сталася распаўсюджваньне літаратуры інстытуту. Карпарацыя “Пагоня”, гэта Кастусь Акула і Антон Маркевіч, звычайна брала дзеля распаўсюджваньня ў Канадзе 20 асобнікаў “Запісаў БІНІМу” і 25 адзінак разнастайных манаграфіяў. Што падабалася нам, К. Акула вяртаў грошы за выданьні заўсёды сваечасова і ў поўным аб’ёме. Бо замаўляць друк наступных кнігаў магчыма было пасьля атрыманьня грошаў з рэалізацыі папярэдніх.
3. К. Акула актыўна папулярызаваў кнігі БІНІМу ў Паўночнай Амэрыцы. Майстраваў іх выставы у Альбэрце, Ванкувары (Канада), Чыкага, Дэтройце. (ЗША). Лётаў, ездзіў па Паўночнай Амэрыцы за свае грошы. Гатэлі, харчаваньне ў дарозе. Нятанная грамадзкая дзейнасьць.
Падчас працы над “Змагарнымі дарогамі” К. Акула сьпецыяльна прыязджаў у Ню Ёрк прачытваць даклады пра хаду працы, дыскутаваў з Францішакам Кушалем наконт эпізодаў кнігі пра Беларускую Краёвую Абарону, афіцэрскую школу БКА.
Аднойчы падчас наведваньня Менску зайшлі мы с пісьменьнікам Скалабанам у рэстаран падсілкавацца і як заўсёды – пра нашыя справы. Тады Скалабан нечакана й узгадаў пра К. Акулу, распавёўшы, як той дасылаў з Канады розныя цікавыя матэрыялы, выданьні, што сталіся карысьнейшым дадаткам, дапаможцам ў справе вывучэньня пэўных гістарычных падзеяў у Беларусі.
Мужык ён ня простага характару. Мог і паслаць, не азiраючыся на імёны. Але калі браўся за якую-нібудзь справу, то, браце, працаваў, цягнуў як вол. І ўсё рабіў пры гэтым шчыра й якасна.
Яшчэ раз паўтару – К. Акула быў вельмі актыўным і карысным сябрам БІНІМу. Вечная яму памяць.
Kраязнаўцa Ігар Бараноўскi, Бярэсьцe
Недзе ў канцы 1980-х – пач. 1990-х мы разам з двума знаёмымі стварылі ў Берасьці “Клюб аматараў перыёдыкі”. Тады ў грамадзтве назіраўся моцны голад на любую незалежную і, асабліва, беларускую прэсу. Зьявілася цікавасьць I да амаль невядомай для нас у той час беларускай дыяспары ў сьвеце, пра якую ў савецкія часы стварылі шмат розных міфаў. З маёй ініцыятывы мы вырашылі напісаць ва ўсе беларускія эміграцыйныя выданьні, каб атрымліваць іх па пошце і потым дзяліцца інфармацыяй з сябрамі і знаёмымі. Распачаліся сталыя кантакты: даписвалі нам, дасылалі навіны з Бацькаўшчыны і мы. Асабліва імкнуліся наладзіць сувязь з выхадцамі з Берасьцейшчыны (Васілём Мельяновічам, Раісай Жук-Грышкевіч, Міхасём Белямуком, Сяргеем Хмарам). Сярод розных выданьняў мы пачалі атрымліваць і часапіс беларускіх ветэранаў “Зважай”, рэдактарам якога быў Кастусь Акула. З часам ён даслаў нам і свае кнігі “Змагарныя дарогі”, “Гараватка”, “За волю”, напісаны па-ангельску раман «Tomorrow is Yesterday («Заўтра — гэта ўчора»).
Пазьней вырашылі, што большасьць атрыманых газэт, часопісаў і кніг варта перадаваць на сталае захоўваньне ў краязнаўчы аддзел Берасьцейскай абласной бібліятэкі, дзе да гэтага паставіліся з цікавсьцю і разуменьнем. Хоць, трэба адзначыць, ад вачэй розных тагачасных ідэёлагаў гэты наш адмысловы фонд было вырашана трымаць падалей — каб не забаранілі і не загадалі зьнішчыць.
Надзвычай цікава было чытаць аўтабіяграфічны раман Кастуся Акулы «Змагарныя дарогі», бо апісанае ў ім сталася абсалютна новым і невядомым для большасьці з нас. Гэтая кніга, як і іншыя ягоныя творы, хадзіла па руках. Асабліва цікавілася моладзь. Таму потым я папрасіў, Кастуся Акулу каб ён, па магчымасьці, даслаў нам яшчэ адзін камплект сваіх кніг – адмыслова для незвычайна папулярнае ў тыя часы бібліятэчкі ў сядзібе Берасьцейскай абласной Рады БНФ, каб больш людзей змаглі пазнаёміцца з яго творамі.
Як каштоўную памятку часу і кантактаў з выдатным дзеячам беларускай эміграцыі Кастусём Акулам дагэтуль захоўваю ў сваім архіве камплект часопісаў “Зважай” і ягоныя кнігі.
Старшыня КХП-БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк, Варшава.
Я пазнаёміўся з Кастусём Акулам у красавіку 1991 года ў Таронта. Тады дэлегацыя дэпутацкай Апазыцыі Беларускага Народнага Фронту, якую я ўзначальваў, на працягу месяца гасьцявала з палітычным візытам па запрашэньні беларускіх арганізацыяў у ЗША і Канадзе. Гэта быў першы вызыт беларускай антыкамуністычнай апазыцыі за мяжу (яшчэ існаваў камуністычны Савецкі Саюз). Візыт быў важны для абодвух бакоў – для Фронта і для беларускай эміграцыі. Пра гэта было шмат тады напісана. Адтуль распачаліся сталыя кантакты Фронта з эміграцыяй.
Я застаў яшчэ шмат каго зь вядомых беларускіх афіцэраў, ваяроў зь немцамі, удзельнікаў вялікіх бітваў. Некаторыя нават дэманстравалі выпраўку. Сяргей Гутырчык, напрыклад, на прыёме ў Беларускім цэнтры ў Саўт-Рывэры (ЗША) падыйшоў, стукнуў абцасамі па стойцы “зважай!”, прадставіўся і “далажыў” пра сябе.
Потым была Канада. Першае маё ўражаньне ад Кастуся Акулы – гэта ваяр, жаўнер. Ён гаварыў гучна, наўпрост і пра галоўнае. А галоўнае – гэта Беларусь, незалежнасьць і свабода. Мы, дэпутаты, Фронта, хадзілі разам зь ім у ратушу да кіраўніка (мэра) горада Таронта з візытам. А перад ратушай на высокім флагштоку якраз вісеў Беларускі Бел-Чырвона-Белы сьцяг. Гэта спадар Кастусь пастараўся дамовіцца да 25-га Сакавіка. І мэр Таронта тады, дзякуючы Кастусю Акулу, быў добрым сябрам беларусаў Канады.
Я на той час не чытаў твораў пісьменьніка (не існавала магчымасьці), але мы шмат пра што пасьпелі пагаварыць, не ўдаючыся ў сантымэнты. Увогуле, гэта мацнейшы пісьменьнік эміграцыі. Кастусь Акула здаваўся мне суровым, адкрытым і нават крыху грубаватым, але я адчуваў, што гэта чалавек-глыба, асоба моцнага духу.
Вярнуўшыся ў Менск, месяцы праз два-тры я, раптам, атрымліваю пасылку з Канады. Напісана, што адпраўнік К. Акула. Зьдзіўлены, я адчыніў скрынку. Там былі крупы, цукар, мука, вермішэль, кансэрвы і ўсялякія прадукты. Нічога з таго мне было не патрэбна, але вось тут я і зразумеў, што лёс пазнаёміў мяне з сапраўдным беларусам, з ваяром, гатовым моўчкі падставіць плячо. Тады былі матэрыяльна цяжкія, галаднавтыя для многіх гады ў Беларусі. Акула ведаў пра тое і ня толькі мне, шмат каму з фронтаўцаў па-сялянску пасылаў пасылкі з прадуктамі, нібы гэта былі не 90-я, а цяжкія 40-я. Маўляў, трымайцеся, хлопцы!
Я чуў ад дасьведчаных людзей пра цяжкае сямейнае становішча Акулы (хворая жонка і дзеці). Казалі, што ягоны быт – гэта пакутлівае і вялікае выпрабаваньне. Але Акула маўчаў. Ніхто не павінен быў ведаць пра яго бяду.
Бывала вечарам спадар Кастусь не вытрымліваў напружаньня, піў гарэлку. І тады яму хацелася з кімсьці пагаварыць, хоць пра што. Ён набіраў нумар тэлефона і званіў. А была ўжо ноч.
– Халера! – Абураўся мне адзін раззлаваны ягоны знаёмец. – У дзьве гадзіны ночы мне звоніць. Я ўжо спаў.
Я ў дзьве гадзіны ночы, тады ў эміграцыі ў 90-х, амаль ніколі яшчэ ня спаў. Трэба было шмат пісаць, адсылаць матэр’ялы праз факс, гаварыць па тэлефоне. У Менску якраз была раніца.
Часам гучэў званок і ў слухаўцы – знаёмы голас Кастуся Акулы. Ведаючы, што гаворка будзе доўгай, я клаўся на ложак, прыціскаў вухам слухаўку і слухаў, устаўляючы рэплікі, бывала да раніцы.
Справа ня ў тым, што я ўсё разумеў, што адбываецца з маім субяседнікам, мне цікава было таксама яго паслухаць. З усяго, што казаў Кастусь Акула, мне найбольш запомніліся (і ўразілі) два ягоныя выказваньні.
– Ведаеш, я шчасьлівы чалавек, я прайшоў вайну, быў пад Монтэ-Касына. Колькі маіх сяброў пабіла, пакалечыла, а мяне хоць бы драпнула. Ніколі нават ня раніла. Як я ўдзячны Богу і хачу сваім жыцьцём аддзячыць Яму.
І другое.
– Ведаеш, каб ты ўбачыў як я жыву…, ня ведаю, пэўна мала б хто тое вытрымаў. Але я так ўдзячны Богу за гэтае жыцьцё. Як Бог дае, то, відаць, для мяне гэтак і трэба быць, так і добра. Я ж так маліўся на вайне, каб застацца жыць…, жыць для Беларусі.
Аднойчы спадар Кастусь, відаць, стаміўся гаварыць і замаўчаў. Пасьля доўгай маўчанкі голас:
– Зянон, ты – чалавек. Дзякуй табе, што ты мяне выслухаў. Дзякуй табе.
Мяне тое скаланула. Як важна было для яго выгаварыцца і каб нехта яго пачуў. Але ніколі ён не казаў пра сваю бяду, ня жаліўся, не бедаваў. Ён нішчыў словамі ворагаў Беларусі. Яму трэба было вaяваць.
Гэта было даўно, у 1996-1997-1998-я гады. З той пары мінула шмат часу. Кастусю Акулу цяпер было б дзевяноста гадоў.
Перад аўдыторыяй з прамоваю выступіла Ганаровы сябра Згуртаваньня Беларусаў Канады пісьменьніца Вольга Іпатава:
Да 90-годдзя з дня народзінаў Кастуся Акулы
Вольга Іпатава
Сёння, праз колькі гадоў, якія прайшлі з дня смерці Кастуся Акулы, можна з упэўненасцю падцвердзіць, што ён – буйнейшы пісьменнік беларускага замежжа. Пра гэта яшчэ амаль чвэртку стагоддзя таму упершыню заявіў даследчык Мікола Мішчанчук у сваёй кнізе “Літаратура беларускага замежжа”, якая выйшла пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі і Педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка ў 1993 годзе накладам ў 200 асобнікаў. Яна і цяпер застаецца самым грунтоўным даследаваннем творчасці Кастуся Акулы. А між тым ён з’яўляецца самым значным беларускім пісьменнікам беларускага замежжа. Праўда, раманную трылогію “Гараватка”, як і іншыя ягоныя раманы, наша крытыка на працягу апошніх дзесяцігоддзяў узгадвала не раз, асабліва пасля таго як мы змаглі азнаёміцца з тым значным духоўна – культурным набыткам, які за доўгія дзесяцігоддзі міжвольнага адчужэння ад роднай зямлі назапасіла эміграцыя. Тут можна ўзгадаць перадусім вельмі цікавае даследаванне А. Данільчык “Шлях да зямлі запаветнай” (Героі Янкі Брыля, Кастуся Акулы, Прыма Леві ў пошуках волі), змешчаны ў “Родным слове” ў № 1-1999 г., артыкул “Чужие игры” М. Тычыны ў часопісе “Неман” у №№10-11 у 1995г., артыкулы і прадмова У. Арлова да адзінай пакуль што надрукаванай ў Беларусі ягонай кнігі, інтэрв’ю Л. Пранчака дый іншых, у тым ліку і артыкулы Лідзіі Савік. Да таго ж, ніколі не абыходзіла аўтара ўвагай найперш газета “Беларус”, дзе рэцэнзаваліся ўсе ягоныя кнігі.
Аднак для пісьменніка, які ўнёс у нашую літаратуру аб вайне новы, ім самім перажыты вопыт беларуса, што між Усходам і Захадам шукае свой, беларускі шлях і, як магутным прэсам, выціснуты са сваёй зямлі, чый першы раман трылогіі “Гараватка” адзначыў “як бясспрэчную ўдачу пісьменніка й як значнае дасягненьне беларускай літаратуры” яшчэ ў 1965 годзе вельмі патрабавальны Ст. Станкевіч, гэтага, відаць, недастаткова. Дадамо, што, мабыць, ні адзін з пісьменнікаў замежжа не падвяргаўся праз усе свае гады такому цкаванню са сваёй радзімы, як гэты чалавек, які яшчэ ў маладосці прысягнуў служыць Беларусі і слова гэтае стрымаў. Яго здзекліва высмейвалі, пастаянна аблівалі брудам, шантажавалі родных, што засталіся на Глыбоччыне. Яго закляймілі некалі (а менавіта ў “Голасе Радзімы”, №42 за 1966 год), лепшыя і на той, і на гэты час беларускія пісьменнікі – ягоныя, можна сказаць, калегі. Горка і балюча і сёння чытаць словы, некалі, вядома ж, прадыктаваныя пісьменнікам зверху і адрасаваныя не толькі К. Акулу, але і Ст. Станкевічу, Р. Крушыну, Ю.Віцьбічу: ”Не вам і не вашым хаўруснікам гаварыць пра літаратуру, якая сцвярджае вялікія ідэі сапраўднай чалавечнасці, не вам гаварыць пра волю і справядлівасць. Прадаўшыся адзін раз, цяжка, відаць, утрымацца, каб не прадацца і другі”. Але як крыўдна, як невыносна – цяжка было, думаецца, чытаць іх калісьці самому Кастусю Акулу, які ў той час працаваў рабочым і творы свае пісаў ў нешматлікія вольныя хвіліны.
Але час мяняецца і паціху ставіць усё на свае месцы. Рада беларускіх пісьменнікаў абрала К. Акулу ( а таксама В. Кіпеля і Я. Запрудніка) сваімі ганаровымі сябрамі, кнігі нашых замежных калег і паплечнікаў па літаратуры выходзяць нават у сённяшняй Беларусі, хай сабе і не ў дзяржаўных выданнях. У час Інтэрнэту апусціць перад намі ўсімі новую жалезную заслону наўрад ці ўдасца.
У літаратуры ёсць свая асаблівасць – творы перажываюць свайго стваральніка, жывуць і пасьля ягонай сьмерці.
Кастусь Акула паўстае ў нашай памяці як жывы, дзейсны пісьменнік. Яго творы перачытваеш, нанова перажываючы разам з імі нялёгкія шляхі беларуса, што апынуўся на чужыне і не зламаўся, не забыўся на роднае, больш таго – акумуляваў ў сабе вопыт свайго часу.
У маім жыцьці Кастусь Акула таксама сыграў сваю пэўную ролю. Мы пасябравалі з ім ( думаю, маю права на такое азначэньне) з 2003 году, калі я ўпершыню на тры месяцы прыехала ў Канаду. Жыла я тады, як аказалася, хвілінах у дзесяці ад ягонай хаты.
Думаю, што маё з’яўленьне было падарункам для нас абодвух. Мне было цікава слухаць ягоныя аповеды пра беларускае канадыйскае жыцьцё, яму ж трэба было выплёскваць некаму велізарны, часам вельмі горкі вопыт жыцьця і літаратурнай дзейнасцьці на чужыне дый дзяліцца набалелым. На той час ён страціў жонку і дзіця, двое другіх мелі патрэбу ў асаблівым доглядзе і толькі старэйшы, Юрка, жыў самастойна.
У мяне захавалася колькі ягоных запісак, накшталт “Мае птушкі і вавёркі зажурыліся за табой. Прыходзь хутчэй, Оля!”
Пасля ягонага званка, тыпу “Галубцы ўжо даўно гатовыя, стынуць” я ішла ўніз з прыгорка, праз старую ферму і масток праз раку Дон, да помніка Мао Цзэ Дуну, пасля якога пачыналася ягоная вуліца. Бывала, ён ужо і стаяў каля гэтага помніка. І ўжо пасля першых хвілін абмену навінамі ён пачынаў гаварыць, і расказваць, расказваць… Часам мы спрачаліся. На мае заўвагі рэагаваў бурна. Аднойчы заявіў: “Чытаю твае раманы і гляджу на цябе – не веру, што гэта ты іх пісала! Не супадае!”
Пасля да нашых літаратурных “дэбатаў” далучылася Ірына Варабей. І гэта былі цудоўныя гадзіны, цудоўныя дні. Гаварылі пра літаратуру, спрачаліся, дзяліліся перажытым.
Я прыязджала ў Канаду і на наступны год, і яшчэ. Запісак у маім архіве – арыгінальных, цікавых, таленавітых – пабольшала, я напісала пра калегу-пісьменніка некалькі артыкулаў. Пісаў пра яго і Уладзімір Арлоў, і іншыя. Акула быў усцешаны. Праз столькі гадоў “жалезнай заслоны” ён меў нарэшце, сваю вялікую аўдыторыю, непараўнальную з адносна невялікім колам беларускай эміграцыі.
У Докшыцкую бібліятэку і музей я завезла ягоныя кнігі. На радзіме яго павінны ведаць. У ягоных Верацеях, што цяпер у гэтым раёне, ёсць ягоная радня. Спадзяюся некалі наладзіць вялікую вечарыну ў раённым цэнтры. Цяпер гэта яшчэ недасягальна – вакол суцэльны страх. І кнігі ў мяне прымалі з асцярогай – як бы чаго благога не выйшла, бібліятэкарам і работнікам культуры цяпер з намі, “нацыяналістамі”, гаварыць часам не выпадае – працу баіцца згубіць кожны…
Але ўсё ж Кастусь Акула прыйшоў на радзіму. Спадзяюся, што цяпер ён з ёю застанецца назаўсёды. Як і ягоныя кнігі.
Гаспадыня канадыйскае дызайнерскае кампаніі “Spirit of Belarus” пісьменьніца Ірына Варабей прачытала сваё эсэ “Кастусь Акула – Беларус, Жаўнер, Пісьменьнік, Змагар…” , напісанае яшчэ ў лютым 2008 году адмыслова на сорак дзён (на саракавіны) па Кастусю Акулу.
Узнагародзіў мяне. Бог даў мне цэлых шэсьць гадоў жыцьця побач з гэтым чалавекам. З чалавекам дабразычлівым, далікатным, што прапанаваў мне сваё сяброўства. З чалавекам мудрым і праніклівым, што любіў мяне па-сапраўднаму. Ён умеў гэта рабіць. Як умеў пляжыць ворагаў, лупцаваць “тараканаў у саладусе”, рагатаць над дурніцай, – умеў быць пяшчотным і чуйным, хоць па-сялянску сарамліва й па-жаўнерску грубавата. Так, вось гэткі супярэчлівы. Часам мне здаецца, што ён, як і я, сыходзіў у гэты сьвет пад Шалямі, што ў ім так арганічна спалучаліся самыя процілеглыя якасьці. Часам падавалася, што мы зь ім падобныя, што тыя астральныя блізьняты. Мне зь ім было лёгка. Ён ніколі не крыўдзіўся на мае глупствы і заўсёды ўмеў перапрасіць за свае. Мы былі падобныя колькасьцю горычы, назапашанай па жыцьці. Той колькасьцю, якой дастаткова, каб перайсьці ў якасьць. “Творчасьць нараджаецца ад болю”, – казаў ён. Я ведала, што ён – Постаць. Я ведала, што ён – Вялікі. Ён быў мне прарокам у маёй айчыне. Так. Зрэшты, гэта не замінала мне бачыць (і прымаць) усе ягоныя заганы. Гэтак было нават лепш. Гэтым ён быў мне жывейшым за ўсіх жывых. Нехта скажа, што гэта і ёсьць стан закаханасьці. Напэўна што. Я была – ёсьць! – закаханая ў ягоную творчасьць, у ягоную неспакойную душу, у якасьць ягонага Духа. І перад веліччу апошняга згасалі ўсе недарэчнасьці паўсядзённага быцьця.
Ён быў чалавекам. Але чалавекам ад Бога. Гэтак бывае. Ён быў абраны, каб зрабіць тое, што зрабіў, і ніхто іншы гэтага не зрабіў. Цяпер ужо няведама, ці ён заслужыў абранасьць, ці быў ад роду наканаваны служыць. Шляхі Найвышэйшага нам няведамыя. Але, здаецца, мне адной зь нямногіх ведамая частка інтымных падрабязнасьцяў зямных шляхоў гэтага чалавека. Пад занавес свайго зямнога жыцьця ён знайшоў ува мне скарбонку для захаваньня сваёй памяці. Бо мы-ж падобныя па ўспрыманьню болю гэтага сьвету. І на дыбачках па аскабалках таго болю я прайшла праз Птушыны Шлях ягонага Лёсу. …Канец 20-х. Далёкія беларускія Богам забытыя загоны. Пякучае жнівеньскае сонца. На ўскарйку поля коўзаецца маленькі хлопчык, гуляючыся ў свае дзіцячыя забаўкі. Ён яшчэ ня ведае, што “кожнае дыханьне Госпада славіць”, але памяць ягоная старана ўсмоктвае ды назапашвае ў сабе россыпы колераў і гукаў роднае зямлі: гоман лесу, цвырканьне птушак, далёкія сьпевы жнеяў на полі… – гэта трэба, гэта будзе спрадарожнічаць яму й напаўняць сілай на шляху ў далёкія – ох, далёкія! – краі. Тыя, дзе – як ён тады даведаецца – зараз ліхаманіць “вялікая дэпрэсія”, і надта-ж-надта тады зьдзівіцца, чаму-ж нікому там не абыходзіць, якая страшэнная дыпрэсія пануе ўжо больш стагодзьдзя ў гэтым злашчасным краі, дзе ён зараз адно набіраецца сілаў. Але зараз мальцу нудотна й сьпякотна, хочацца піць, хочацца есьці, хочацца дадому, і ён не разумее, чаму трэба гэтак доўга й пакутна маркоціцца на гэтым полі. Побач зь ім выпрастоўваецца жняя. Павольна са стогнам выгінае змучаную сьпіну. Узьнімае вочы да неба дый цяжка уздыхае: “Госпадзе!.. Вось гэтак гнеш, гнеш сьпіну ўсё жыцьцё, галавы не ўздымаючы, сьвету белага не бачачы… Гэтак і памрэш. А потым ніхто на цэлым тым сьвеце цябе й ня ўспомніць…” Гэта нічога, што да яе не даляцела, як амаль нячутна прашапталі дзіцячыя вусенкі: “Матулечка, гэтта-ж я… Я буду цябе памятаць! Я не забудуся на цябе ніколі”. Гэта нічога… Бо ўсё адно не паверыла-б словам гэткае малечы. Яна даведаецца аб гэтым потым, крыху пазьней, пасьля свае пакутнае сьмерці, сьвету белага так і ня зьведаўшы. Як і пра тое, што абяцаньне сваё ён стрымае. І слову будзе верным. І да канца жыцьця ён будзе ўсьведамляць, як узнагароджвае яна яго за памяць, адтуль апякуючыся ім і надзялючы яго жыцьцёвай моцай. Пра гэта ў апошныя гады свайго жыцьця ён гаварыў мне штораз: “Я ведаю, адкуль мая сіла. Гэтта ад маткі маёй, пакутніцы. Я даў слова, што буду памятаць яе; і пакуль яна са мной у думках, датуль і сіла ейная ўва мне. …Бо гэта яна мяне на сьвет пусьціла, з кроў’ю беларускаю перадаўшы мне і ўвесь беларускі боль”. Тое, што ён не абы хто, а беларус, ён даведаўся хутка, хоць і выпадкова. Перапісвалі насельніцтва, у хату прыйшлі людзі й спыталіся: “Нацыянальнасьць?” Тады шасьцігадовы хлопчык упершыню пачуў з вуснаў бацькі слова “беларус” і вельмі зьдзівіўся, бо да гэтага сьвет падзяляўся адно на “людзей” ды “хамаў”. І гэтае ён таксама запомніў. І пастанавіў на бліжэйшы час грунтоўна разабрацца ў рэбусе чалавечых найменьняў. Першае невядомае гэтага раўнаньня выявілася праз некалькі гадоў у расейскай школе. Захварэў настаўнік, і сам дырэктар школы прыйшоў у клясу, каб падмяніць яго. Адкрыў кнігу, на вокладцы якой значылася “Спартак”, і без усякае прадмовы пачаў чытаць на мове, якая не выкладалася ў школе ні пры паляках, ні пры саветах. Ах, што гэта была за мова! Так чыста зразумела ўсё, і гэтак прыгожа! Якая вялікая радасьць раптам улівалася ў душу разам з гэтае мовай! “Мне гэты чалавек адкрыў, сам ня ведаючы, зусім новыя дзьверы. Я пасьля гэтага ўжо ведаў, што маю рабіць, што мая мова будзе такая-ж прыгожая, як і ягоная, а можа яшчэ прыгажэйшая”.
Як гэта ня дзіўна, з надыходам новае, трэцяе, акупацыі пры ягоным кароткім яшчэ жыцьці адкрылася апошняе, заключнае, невядомае. Немцаў не турбавала ні мова, ні склад навучаньня тубыльцаў. “І паверыш? Перад намі адкрыліся дагэтуль невядомыя гарызонты. У праграме адукацыі зьявіліся два загадкавыя словы: “Гісторыя Беларусі”. Беларуская гісторыя?! Ці ёсьць такая гісторыя? Адкуль яна пачынаецца? Ці гэта запраўды магчыма, што Беларусь мае нейкую гісторыю? Тое, што мы “тутэйшыя” бальшыня з нас ведала. Некаторыя выняткова ведалі нават, што мы – беларусы. Але што Беларусь мае сваю гісторыю? Збянтэжанасьць. Трэба было заглянуць у глыбокую мінуўшчыну. Пачалі ад далёкага Полацкага Княства…” “Раптоўна, быццам падштурхоўванае ваенным агнём, прыходзіла хрысьціянскае і нацыянальнае ўсьведамленьне. Школа, узяўшы за руку, вяла на дарогі адкрыцьця, шляхі радасных і бясцэнных знаходак. Ад свае гразкое вуліцы – на бальшак, а там і на вялікія дарогі. Насамперш прышчэплівалася любоў да пакрыўджанага, шматпакутнага калішняга гаспадара роднае зямлі, створанай ім культуры, да Бога, зруйнаваных нацыянальных і рэлігійных сьвятыняў, роднае мовы, народных традыцыяў, песьняў, мастацтва. А побач тая-ж дагэтуль няведамая гісторыя Беларусі раскрывала і выстаўляла бясспрэчнымі фактычнымі доказамі жахлівае махлярства, суцэльную хлусьню і варварства суседзяў”. Калі прыйшоў час выбіраць шляхі, ён ведаў, што рабіць. Віленская гімназія. Ён будзе настаўнікам. Ён панясе гэтыя каштоўныя веды наступным пакаленьням… Ах, што гэта быў за час! Вецер кудлаціў юнацкія чубы, за плячыма выпрасталіся крылы… “І быў пачатак, недзе падчас лекцыі, хаця не прыгадаю, пры якім настаўніку. Натхненьне, штурханае імпэтнай маладосьцю, узьнялося сокалам… Эх, быў-бы я сокал з магутным крылом, над роднай старонкай кружыў-бы кругом…” Прывітаньне табе, Вільня! Слаўны горад Крывічоў, – Места памятак магільных Нашых прадзядаў, дзядоў. Трох гадоў адкрыцьця такіх простых ісьцін – што ад нараджэньня чалавек мае як бацькоў, радзіму, сонца, гэтак-жа і мову, зямлю ды гісторыю, і ніхто ня мае права гэтае адняць -хапіла тым хлопцам, каб пранесьці іх праз усё жыцьцё, застацца вернымі ім, нягледзячы на ўсе наступныя выпрабаваньні. Школьная справа зрабілася ў той час вайсковай: настаўнікаў фізычна зьнішалі чырвоныя партызаны. Трэ было пачынаць адстрэльвацца. Ён хацеў быць настаўнікам, але давялося ўзяць у рукі зброю. З усходу зноў напаўзала чырвоная навала. І ён надзеў вопратку кадэта афіцэрскае школы Беларускае Краёвае Абароны. “…Вось гэткая, чорная; на шапцы – “Пагоня”. Як, пытаесься, ставіліся да нас менчукі? Добра ставіліся. Заўважаць “Пагоню” – і ўсьміхаюцца. Віталіся з намі, ухвалялі”. Ён хацеў ваяваць і быў гатовы аддаць жыцьцё за свой край і ягоную гісторыю, але апынўся далёка ад яго. Ён быў жаўнерам, і хвалі вайны матлялі яго безь ягонага дазволу. І прышоў той дзень. І надышла тая ноч ў далёкай Італіі, калі ў адзіноце, у казарме польскага корпусу брытанскай арміі, куды расфармавалі кадэтаў афіцэрскае школы БКА, – залічылі туды як палякаў, бо “няма” такой краіны Беларусь, і “няма” такога народу беларусы – пасталелы не па гадах юнак прысягаў шэптам СВАЁЙ радзіме – Беларусі. “Імем зямлі сваёй, маткі і ўсімі сьвятымі прысягаю выкарыстаць рэшту жыцьця свайго, не пашкадаваць сілаў, каб у будучыні служыць адно народу свайму, пакрыўджанаму й паняволенаму…” Ён зразумеў, што змагацца за свой край можна і за краем яго. Будучыня. Няведамая далячынь… “Час такі – ліха на яго!” Ніці якога лёсу спрадаюць табе Судзяніцы?..
“Ці паверыш. Бабка адна была наваражыла мне, што пражыву жыцьцё вельмі доўгае, але турбулентнае…” Бабка ні ў чым не памылілася. Судзяніцы аберагалі ягонае жыцьцё ў самых неверагодных абставінах. Ён дакладна ведаў, для чаго. Для таго, каб ён выканаў сваё жыцьцёвае прызначэньне: пакінуць гісторыі й літаратуры адзіны, маштабу эпапэі, твор, што занатуе пакутны шлях на захад Беларускае Краёвае Абароны і ўсяго вызвольніцкага руху трагічных 40-х. І яшчэ – гісторыю Беларусі першае паловы 20 ст., што перажыла тры акупацыі, зрабіўшыся полем брані паміж двума гіганцкімі драпежнікамі. Ён гатовы быў вяваць, але ўзяў у рукі іншую зброю. І гэтая зброя сталася мінай запаволенага дзеяньня. Я зганьбаваную Сьвятыню Як мог, што сілаў аднаўляў. На помач клікаў на чужыне, Шляхі і вехі ўсталяваў. Прысязе, дадзенай у адзіноце ў тую гарачую італьянскую ноч у польскай казарме, застаўся верным да канца свайго доўгага і турбулентнага жыцьця, апошняй думкай якога было – Беларусь. Кастусь Акула – Беларус, Жаўнер, Пісьменьнік, Змагар. 40 дзён, як яго няма тут, побач з намі. Ну, вось і ўсё. Адляцела ў Вечнасьць зорка. Сьпіральная вось Птушынага Шляху замкнулася. Ня трэба сумаваць: бо-ж ён пакінуў нам ключы ад яго – сваю творчасьць. “Калі, спадзяюся, некалі мае думкі выклічуць згадкі ці хваляваньні ў каторага нашага суродзіча, дык запрашаю наведаць сьвятыню маей адзіноты … Сядзьце побач, падумаем, паразважаем. Зь якога, дазвольце спытаць, вы году й каторага стагодзьдзя? Прызнаюся вам, люблю зьвяртацца да тых, што пасьля прыйдуць. Ці мала хто мяне, за маю пісаніну, дзіваком лічыць. Вы, пэўне-ж, з адлегласьці часу, інакш мяне разумееце. Апроч таго, у вас яшчэ адна выгада: празь мяне вы можаце зазірнуць у мой сьвет, а я ў ваш аніяк не магу, бо вы йдзеце пасьля мяне, значыцца ў нейкай меры будзеце й прадуктам такіх, ці падобных, як я. Таму, каб пазнаць сябе, вы будзеце намагацца пазнаць нас, папярэднікаў, так, як і мы намагаліся пазнаць сваіх прашчураў.” Снуюць Судзяніцы мастацкую пражу беларускае Вечнасьці… І пакуль будзем помніць – будзе нам нашая сіла.
І дабраслаўлены Ўсявышні
Нас сілай, верай надзяліў:
Народ наш на зямлі ня лішні!
Ён будзе жыць, як хваль прыліў… ‘’
Скончыла сваю прамову Ірына Варабей словамі, што Кастусь Акула быў для яе ня проста “дзядзькам Кастусём”, але нават “бацькам”, што ён стаўся першым чалавекам, хто сустрэў яе ў Беларускім цэнтры ў Таронта, а яна сталася апошняй з беларусаў, каго ён бачыў і з кім размаўляў у сваім жыцьці.
Потым прамоўца пракамэнтавала змайстраванае ёю слайд-шоў “Па Акулаўскіх мясьцінах” і некаторыя рэдкія здымкі Кастуся Акулы са свайго прыватнага архіву.
Напрыканцы імпрэзы ейныя ўдзельнікі паглядзелі відэастужку пра дзядзьку Кастуся з архіву Вольгі Іпатавай. Расчуліліся… Сярод ягоных партрэтаў рознага веку, зноўку патрымалі, пагарталі ягоныя кнігі і цэльныя падшыўкі ягонай газэты “Беларускі Эмігрант”, часапісу “Зважай”. Хтосьці набыў перакладзены з ангельскае мовы на беларускую Ірынай Варабей і выдадзены ў 2008 годзе ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” раман К. Акулы “Заўтра ёсьць учора”…
29 лістапада падчас адзначэньня Дня Герояў у Беларускім Цэнтры ізноў сталася ўзгаданым імя Кастуся Акулы, які праз свае выданьні годна выказваўся пра случчакоў, што паўсталі на сьмяротны бой з Расейскаю камуністычнаю навалаю, неаднаразова сам асабіста стаяў у ганаровай варце са схіленым бел-чырвона-белым сьцягам падчас адзначэньня Слуцкага Збройнага Чыну. З лістападаўскага 1977 году выпуску рэдагуемага Кастусём Акулам часапісу “Зважай” сталіся агучанымі наступныя радкі:
“… У кожны лістападаўскі Дзень Герояў мы, на эміграцыі, чытаем сымбалічную лісту нацыянальных Гэрояў. Іх шмат і, безумоўна, ўсіх згадаць нельга. Але ў сваіх малітвах да Бога і ў гутарках на ўрачыстасьцях мы думаем пра ўсіх. Яны – частка нашае вялікае, змагарнае гісторыі, непакорнага народнага духу і вечна жыць будуць з намі. Мы ведаем, што народ, які змог даць такіх выдатных людзей, ніколі не загіне, ён здабудзе сабе волю.“
У звароце да суродічаў з нагоды 95-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, агучаным у дзень Герояў у залі Беларускага Цэнтру, Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла казала: “… Ісьці змагацца ім [случчакам] было цяжка – як гэта было б сёньня вам. Але яны ўсё ж пайшлі…”
20-ці гадоваму кадэту польскае афіцэрскае школы ў Вялікай Брытаніі Кастусю Акулу таксама было няпроста прыняць рашэньне ў той час, калі эміграцыйная польская ўлада малявала яму, грамадзяніну Польшчы, ружовыя жыцьцёвыя пэрспэктывы, але з перадумоваю пайсьці пад касьцёл і запісацца палякам. Беларус Кастусь застаўся Беларусам, абраўшы сваім шляхам змаганьне за СВОЙ Край – Беларусь і паклаўшы на алтар таго змаганьня ўсё сваё жыцьцё.
Час ідзе. Але разам з намі, побач, заўсёды наш Кастусь Акула. Мы сумуем за ім…
Алесь Кот