26 снежня ў Міжнародным доме маракоў на Манхэтане адбыўся чарговы сход БАЗ "Пагоня" і прэзентацыя дзявятага па ліку выпуску альманаху "Беларус" - штогоднага літаратурнага выдання беларусаў замежжа.
Вёў імпрэзу галоўны рэдактар і выдавец Марат Клакоцкі, які даваў слова аўтарам твораў, уключаных у новы выпуск альманаху. Сярод іх і лідэр КХП-БНФ Зянон Пазьняк, які сёлета ўпершыню апублікаваў у выданні свае вершы і апавяданні. Спадар Пазьняк распавёў прысутным пра эканамічную і палітычную сітуацыю на Беларусі, выказаў прапановы па далейшым выданні "Беларуса".
Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць Ўладыкі Эмігідыюша (Юрыя) Рыжага, аднаго з самых актыўных аўтараў альманаху, які адышоў у лепшы свет 29 лістапада.
![](/upload/sites/default/files/content/belarus3_151228-1axri.jpg)
Марына Кражова
Свае вершы прачытала маладая паэтка Марына Кражова, а таксама пра свае творы расказалі прысутныя на імпрэзе аўтары Віталь Зайка, Сяржук Сокалаў-Воюш, Ганна Шарко (таксама дэбютантка выдання) і Валянціна Якімовіч.
![](/upload/sites/default/files/content/belarus2_151228-pwgn3.jpg)