Віншаваньне з Калядами и Новым годам ад Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня

Завяршаецца 2015 год, які прынёс шмат новага ў наша грамадзкае беларускае жыцьцё і ў асабістыя лёсы нашых суайчыньнікаў. Былі гэта добрыя і благія навіны, але, ўсе яны незваротна  ўпісаліся ў тканку нашага лёсу, які тчэцца намі самімі і тымі сіламі, якія ёсьць над намі.

З падзякаю году, адплываючаму ў вечнасьць , скіруем нашыя думкі на будучыню. Віншуем усіх вас - сяброў БАЗА і усіх   сяброў беларускіх грамадзкіх арганізацыяў у Амэрыцы і іншых краінах, нашых суродзічаў на Бацькаўшчыне з надыходам новага 2016 году. Будзем сустракаць яго з надзеяю, што будзе не горшы за папярэдні, а лепш, каб быў  больш радасным, плённым, памножыў добрыя набыткі нашай беларускай нацыі і кожнага з нас асабіста. Ажыцьцяўленьне нашых аптымістычных надзеяў  пераважна будзе залежаць ад таго, што зробім дзеля гэтага мы самі. Трэба ўсім нам быць больш адказнымі, канструктыўнымі, арганізаванымі  ў  сваіх дзеяньнях і тады яны прынясуць добрыя вынікі.

Шмат хто з нашых суродзічаў пачне сьвяткаваць напрыканцы году чароўнае Сьвята Калядаў - Раства Хрыстова. Гэта будуць не толькі каталікі, але і тыя праваслаўныя беларусы, што жывуць у заходнім сьвеце і разам з ягонымі жыхарамі славяць Хрыстова Нараджэньне 25 сьнежня, а потым працягваюць сьвяткаваць 7 студзеня.  Такая асаблівасьць ужо сталася рэальнасьцю.  Дык віншуем усіх вас з найвялікшым Сьвятам - Нараджэньнем Хрыста-Збаўцы!

Жадаем усім вам, дарагія сябры, добрага здароўя , шчасьлівага прыватнага жыцьця, плёну ў вашых добрых справах і учынках, сьвяточнага настрою і аптымістычнай веры ў лепшую будучыню нашай Бацькаўшчыны-Беларусі.

Жыве Беларусь!

Старшыня Галоўнай управы

Ганна Сурмач

Нью-Ёрк

19 сьнежня 2015