Помнікі беларускаму песняру ёсць у Маскве і Амерыцы, а цяпер манумент Янку Купалу з’явіўся на беразе Міжземнага мора, у ізраільскім Ашдодзе.
Адкрыюць яго 29 снежня ў прэстыжным раёне Тэт-Вав на плошчы Янкі Купалы, якая носіць імя паэта з 2012 года. У Ізраілі не прынята ставіць статуі, таму атрымаўся такі просты мармуровы памятны знак – з надпісамі на іўрыце і па-беларуску, з аліўкаваю галінкай і нашым арнаментам. Усё гэта, як кажа Марыя Барткова з музею імя Я. Купалы, вынік супрацы мэрыі Ашдоду, беларускай амбасады ў Ізраілі ды ашдодскага аб’яднання выхадцаў з Беларусі.
«У дзяржаве Ізраіль, каб імёны творцаў і ўвогуле знакамітых асобаў негабрэйскага паходжання былі нададзеныя вуліцы ці плошчы, – гэта выключныя выпадкі, таму нам вельмі радасна».
Зрабіў помнік ізраільскi скульптар з беларускімі каранямі Уладзімір Пайн. Увогуле ў Ашдодзе жыве багата нарадзінцаў Беларусі. А пабрацімам гораду названае Берасце, у якім ужо два гады ёсць помнік славутаму прэм’ер-міністру Ізраілю Мэнахэму Бэгіну.
«Самая цікавая і пікантная дэталь у гэтай усёй гісторыі – тое, што і помнік Купалу, і помнік Бэгіну зроблены за грошы Ізраілю. Зразумела, што і помніку Быкаву няма ў Менску, і тое, што адбываецца зараз з Алексіевіч, як гэта ўсё прымаецца – тут пытанняў няма. І тым не менш асадачак застаецца», – адзначае блогер Яўген Ліпковіч.
І сапраўды цудоўная навіна з Ізраілю – нагода ўспомніць пра стаўленне да нашых класікаў у родным Менску, дзе дагэтуль няма ні вуліцы Васіля Быкава, ні помніку яму, што праўда макет апошняга з пяціканечнаю зоркай нядаўна прадэманстравалі ў медыях.